Калі разглядаеш карту раёна, кідаецца ў вочы вялікая колькасць населеных пунктаў, назвы якіх утвораны ад дрэў і кустоў: Заельнік, Ясень, Лазовае, Ліпень… Нямала назваў, звязаных са словам “вяз”: Вяззе, Вязычын, Вязаўніца. Але найбольшай папулярнасцю сярод прашчураў карыстаўся, відаць, волат-дуб. У выніку, на карце Пратасевіцкага сельсавета і цяпер красуюцца Дубовае і Дубралёва, а сярод вёсак Лапіцкага значацца Дуброва і Дуброўка. У адну з гэтых вёсак і наведаліся разам са старшынёй сельсавета Аляксандрам Гарадзілавым.
Невялічкая Дуброва — 22 гаспадаркі, 60 жыхароў — не стварае ўражання ціхмянай і дажываючай. Аналізуючы ўзроставае размеркаванне жыхароў, можна прыйсці да высновы, што будучыня ў вёскі ёсць: 40 чалавек — 2/3 ад пражываючых — працаздольнага ўзросту, гадуецца 9 дзяцей, толькі 11 жыхароў пераступілі рысу пенсійнага ўзросту. Незвычайны, скажаце, для маленькага населенага пункта расклад? А ўсё тлумачыцца проста: людзям ёсць дзе працаваць.
Адна з вуліц упіраецца ў лясніцтва ДЛГУ “Жорнаўская ЭЛБ ІЛ НАН Беларусі”. На гектар раскінуўся дэндрасад, аб’яўлены заказнікам мясцовага значэння. Ляснічы Віктар Круглякоў (фота 1) тлумачыць, што на яго тэрыторыі растуць аксаміт амурскі, піхта белая, кедр, клён цукровы і іншыя рэдкія пароды дрэў і кустоў — усяго каля 120 відаў. У гадавальніку вырошчваюцца асноўныя лесаўтваральныя віды: сасна, елка, дуб. Працуе тут 24 чалавекі.
Толькі на хвілінку прыселі на лаўку ляснік Аляксандр Булавацкі і абрубшчык галля Аляксандр Зінавенка (фота 2), пакуль грузіліся дровы, што выпісаў мясцовы жыхар, каб, адправіўшы груз, працягнуць працоўныя клопаты.
У цэху перапрацоўкі лесу і лесаматэрыялаў на змене 8 чалавек, а ўсяго на вытворчасці задзейнічана больш за 2 дзясяткі работнікаў. Інжынер Аляксандр Ціханчук расказвае: “Цэху ўжо каля паўсотні гадоў. За месяц перапрацоўваем і пастаўляем на адно са сталічных прадпрыемстваў 300 кубаметраў драўніны”.
Працуе кран (фота 3), стропальшчыкі займаюцца звыклай справай. Ідзе пагрузка. Рухаецца гружаная тэхніка. Вёска жыве сваім жыццём.
Ідзём па яе вуліцы. “Недалёка праходзіць газаправод. Ужо колькі гадоў карыстаюцца яго выгодамі жыхары Пагарэлага, Жорнаўкі, Лапіч, Сасновага, Малой Гравы. У планах — газіфікацыя Дубровы. На сёння налічваецца паўтара дзясятка жадаючых”, — распавядае старшыня, па-гаспадарску адкідваючы з дарогі галіны, што наламаў вецер, які пранёсся напярэдадні.
Вось гуляе матуля з маленькай дачушкай і пляменнікамі (фота 4) — яскравае пацвярджэнне надзейнай будучыні пасялення. У палісадніку завіхаецца Ларыса Жаркевіч (фота 5). Бухгалтар лясніцтва зараз у водпуску, таму прысвячае сябе хатнім клопатам. Убачыўшы старшыню сельсавета, звяртаецца да яго з пытаннем аб лёсе памяшкання былога магазіна, якое займае другую палову дома, дзе яна пражывае.
Адзін з самых старэйшых жыхароў Дубровы Мікалай Клачкоў (фота 6), які жыве на вуліцы з адпаведнай найменню вёскі назвай — Бярозаўская, нарадзіўся і вырас на Ушаччыне. Там яго застала вайна. Хлопчыку давялося пазмагацца з ворагам у складзе партызанскага атрада: на кані дастаўляў народным мсціўцам неабходнае. Пасля вайны ўдзельнічаў ва ўзнаўленні народнай гаспадаркі. Мае дзяржаўныя ўзнагароды. Вывучыўся на шафёра. Круціў баранку некалькі дзясяткаў гадоў. Цяпер на заслужаным адпачынку. Дачка і сацыяльны работнік дапамагаюць яму па гаспадарцы.
…Вясковая вуліца выводзіць на шашу, па якой рухаюцца аўтамабілі і рэйсавыя аўтобусы. На скрыжаванні — памятны камень, які сведчыць, што на гэтым месцы калісьці стаяў маёнтак Магдалены Радзівіл. Ён нібы ахоўвае ўезд у вёску Дуброва, а заадно і жыхароў, пасылаючы ім удачу ў звычайных жыццёвых справах.
Іна Заскевіч.