8 ліпеня ў рамках свята “Александрыя збірае сяброў” прайшоў абласны этап сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар сяла-2017”.
Асіповіцкі раён прадстаўляла сям’я Марты і Аляксандра Бурак з вёскі Вязаўніца, якая стала пераможцам раённага этапу. Разам з землякамі за першынство спрачаліся прадстаўнікі Глуска і Шклова і дзве шматдзетныя сям’і з Магілёўскага раёна і Круглага. Удзельнікі паказалі свае таленты ў конкурсах “Візітоўка”, “Па дровы”, “Родны край”, “Бульбашы”, “Сялянскія прысмакі”, “Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі”, “Праспяваем разам!”. І хоць у выніку сям’і Бурак не ўдалося падняцца на прыступкі п’едэстала, без падарункаў і дыплома ўдзельнікі не засталіся.
У другі дзень фестывалю традыцыйна ўшаноўваюць лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Прыдняпроўшчыны, і са святочнай сцэны гучалі імёны і нашых землякоў. Так, Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымаў вадзіцель аўтамабіля філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” Ула-дзімір Каралёў. За працоўныя поспехі Ганаровымі граматамі Магілёўскага аблвыканкама і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама адпаведна былі адзначаны трактарысты-машыністы Сяргей Вашкевіч (ААТ “Авангард-Ніва”) і Уладзімір Клунко (ААТ “ЖорнаўкаАГРА”). Дыпломамі Магілёўскага аблвыканкама ўзнагародзілі вадзіцеля ААТ “Авангард-Ніва” Дзяніса Лазоўскага, аператараў машыннага даення Аляксея Біцюна і Наталлю Грышановіч з філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, механізатараў Аляксея Басякова (ААТ “ЖорнаўкаАГРА”), Уладзіміра Цюцяліна і Уладзіміра Сцепанюка (ААТ “Авангард-Ніва”), а сярод сельскагаспадарчых арганізацый у ліку лепшых названы філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, які заняў другое месца.
Ганна ШАРАМЕТ.