Мікрараёну “Чарняхоўка” крыху не пашанцавала. Пачніся яго развіццё гадоў на пяць раней, запланаванае можна было б скончыць да 2014 года — у перыяд, калі айчынная будіндустрыя перажывала ўздым. Аднак атрымалася як атрымалася, і тэмпы росту гэтай часткі Асіповічаў адпавядаюць эканамічным рэаліям:
у першую чаргу рэалізуюцца праекты, пад якія атрымліваецца знайсці фінансаванне. Тым не менш раён застаецца найбольш актыўнай зонай росту забудовы. На сёння тут ужо ўзведзена 10 з 25 прадугледжаных генпланам развіцця горада жылых шматпавярховых дамоў, а колькасць насельніцтва за кошт гэтых новабудоўляў павялічылася прыкладна на 4 тысячы чалавек. Якія ж падзеі адбываюцца на галоўнай будпляцоўцы Асіповічаў сёння?
Жыллё
“Шматпавярховік”, які будаваўся з дапамогай кітайскіх інвестыцый, завершаны 1 чэрвеня. Аднак яго канчатковы ўвод у эксплуатацыю (падключэнне вады, электрычнасці і засяленне кватэр) пачнецца толькі пасля перадачы ўласніку — УКП ЖКГ. Каб правесці гэтую “фармальнасць”, трэба падрыхтаваць ладны пакет дакументаў, чым зараз і займаецца заказчык — Магілёўскае аблупраўленне капітальнага будаўніцтва.
Дом сацыяльны, таму зоймуць яго тыя, хто не можа набыць жыллё за ўласныя грошы. Практычна ўсе землякі вызначаны і са зразумелым нецярпеннем чакаюць моманту атрымання ключоў ад новага жылля.
108-кватэрны дом, які за ўласныя сродкі ўзвёў ААТ “Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудавання”, здадзены ў эксплуатацыю яшчэ ў лютым, але з умовай, што добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі завершыцца ў больш спрыяльны перыяд. Арыенціровачна — 15 ліпеня: узгаданую дату вы-значыў сам забудоўшчык.
Кошт жылля тут прымальны: 1-пакаёвая кватэра агульнай плошчай 45 “квадратаў” — каля 30 тысяч рублёў, 2-пакаёвая — каля 42 тысяч. Аднак прададзена пакуль 62: плацежаздольны попыт у землякоў не надта вялікі, ды і “жыллёвае пытанне” ў горадзе ўжо востра не стаіць.
Вуліцы
На праезд ад офіса раёна газазабеспячэння (на вуліцы Крыловіча) да крамы “Дабраном” укладзены трэці — фінішны — слой асфальту. Аднак гэта не азначае, што праездам ужо можна карыстацца паўнавартасна: да здачы ў эксплуатацыю тут трэба зрабіць яшчэ многа чаго. Хаця мясцовыя аўтамабілісты яго ўжо асвоілі — і іх можна зразумець.
Увогуле, транспартныя артэрыі “Чарняхоўкі” — самы праблемны і ўражваючы прыклад таго, наколькі складана ў маральна састарэлае перасячэнне вуліц упісаць сучасную забудову “спальнага” мікрараёна. “Вузкіх” дарожных месцаў многа, і адразу ўсе іх давесці да розуму немагчыма: проста не хапае грошай.
Сёння прыярытэтны для бюджэтнага фінансавання аб’ект — завулак Чарняхоўскага, якому найбольш востра неабходны рамонт праезнай часткі і забеспячэнне нармальных умоў для руху пешаходаў.
Гандаль, грамадскае харчаванне, установы сацыяльнай сферы
Гандлёвы цэнтр, у які перабудаваны былы “дом-крэйсер”, скончаны досыць даўно, і запрацуе ён ужо праз лічаныя дні: дата адкрыцця — да 1 лі-пеня.
Тым часам хутка расце яшчэ адзін прыватны гандлёвы цэнтр — насупраць базы УКП ЖКГ. Яго плошча па праекце — 2000 м2, а тэрмін завяршэння работ — да канца года. Планы амбіцыёзныя, аднак забудоў-шчык — ПБУП “Рахмат-строй” — у будаўніцтве камерцыйнай нерухомасці вопыт мае і, відавочна, пралічыў свае магчымасці дакладна.
Аб’ект грамадскага харчавання, у які пераў-тварыўся будынак былога Дома афіцэраў, днямі нарэшце пачаў прымаць наведвальнікаў. Аднак яго галоўная праблема — адсутнасць цеплазабеспячэння — застаецца дагэтуль нявырашанай. Спачатку планавалася, што пры забудове мікрараёна новая магістральная цеплатраса будзе пракладвацца паблізу ад пляцоўкі гэтага інвестпраекта, таму падключэнне да цяпла было б не надта затратнай справай. Вось толькі з цягам часу план развіцця падземных камунікацый быў перагледжаны, а падключацца да існуючай сеткі ўласнік — Iрына Сухоцкая — не спяшаецца. Бо вельмі дорага. У выніку ў шматфункцыянальным, буйным, сучасным і зробленым з густам цэнтры адпачынку пакуль працуе толькі кафэ-піцэрыя “Гарадок”.
Што тычыцца месцаў, якія ў адпаведнасці з генпланам забудовы павінны стаць цэнтрамі медабслугоўвання, банкаўскіх і бытавых паслуг, то тут усё, як кажуць, “ціха”. Пад іх адведзены дзве былыя казармы. Будынкі выстаўлены ў продаж, аднак новых гаспадароў пакуль не знайшлося. Прычына асцярожнасці патэнцыяльных інвестараў відавочная: у існуючых эканамічных рэаліях з-за надта высокага кошту рэканструкцыі час акупнасці іх перабудовы для камерцыйнага выкарыстання будзе надта доўгім.
Эканоміка і дэмаграфія паставілі крыж на будаўніцтве новай школы і дзіцячага сада. Магілёўскае аблупраўленне адукацыі не падтрымала ўзгаданую ініцыятыву Асіповіцкага РАА. Палічылі, што дзяцей з “Чарняхоўкі” могуць без праблем прыняць бліжэйшыя ўстановы адукацыі — пры ўмове аптымальнага размеркавання дашкольнікаў па дзіцячых садах. Рацыя ў такіх разліках, мусіць, ёсць: чарговага бэбі-буму ў бліжэйшае дзесяцігоддзе чакаць нагоды няма, а існуючыя школы ды дзіцячыя сады знаходзяцца даволі блізка ад “Чарняхоўкі”. У параўнанні ж з буйнымі гарадамі — дык і ўвогуле амаль што ў крокавай даступнасці.
Спартыўныя аб’екты
На фізкультурна-аздараўленчым комплексе вядзецца аддзелка ўнутраных памяшканняў, фасадныя работы, мантаж абсталявання. Работы ідуць у адпаведнасці з графікам, таму здача ў эксплуатацыю басейна з элементамі аквапарку плануецца ў лістападзе.
А вось спартыўную пляцоўку, якая закладзена каля 144-кватэрнага дома, ёсць намер афіцыйна “запусціць” у бліжэйшыя дні. Не да канца завершаныя яшчэ “папяровыя” фармальнасці зусім не перашкаджаюць карыс-тацца “спартыўнай залай пад адкрытым небам” дзецям і дарослым. Па меркаванні начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Iвана Малаковіча, узгаданая пляцоўка аказалася ўдалым элементам інфраструктуры новага мікрараёна. Яна прыгожая, недарагая і, галоўнае — дзейсна спрыяе якаснаму адпачынку і ўмацаванню здароўя землякоў.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.
Фота аўтара.