Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека прадугледжвае, што кожны з нас мае права валодаць маёмасцю, і гэта асноўнае права ахоўваецца законам. Права ж на абарону сваёй прыватнай уласнасці і клопат пра яго рэалізацыю — асабістая справа самога чалавека. I стараемся мы засцерагчы сваё дабро ад зладзеяў і старонніх людзей, выкарыстоўваючы ўсе даступныя метады — ад суперсучаснага дзвярнога замка да аконных рашотак. Хаця, на жаль, для дасведчанага рабаўніка ні адзін замок не стане сур’ёзнай перашкодай, а глядзець на свет і любавацца першым снегам або залатой восенню праз краты — неяк не вельмі…
Iснуе аптымальны спосаб абароны — устаноўка сістэмы ахоўнай сігналізацыі. Але ў раёне не так шмат кватэр, дамоў і гаражоў з так званай “сігналкай”. Чаму ж уладальнікі прыватнай уласнасці непаўнавартасна рэалізоўваюць сваё права на яго абарону? Даць адказ на гэтае пытанне і развеяць некаторыя сумненні землякоў пагадзіўся старшы інспектар — інжынер групы сродкаў і сістэм аховы Асіповіцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Кірэеў. Менавіта ён займаецца арганізацыяй і кантролем абсталявання аб’ектаў сродкамі аховы, ажыццяўляе тэхнічны нагляд за выкананнем мантажу, кантралюе працу дзяжурных пульта кіравання і электраманцёраў.
“На клопаты па ўсталёўцы сігналізацыі сыдзе процьма часу. I дзе гарантыя, што ўсё будзе бесперабойна працаваць?”
Дастаткова прыйсці ў Дэпартамент і прадаставіць пашпарт, тэхпашпарт і рэгістрацыйнае пасведчанне на жылое памяшканне, камплект ключоў і спіс вашых блізкіх, якія маюць права здаваць кватэру пад ахову. Спецыялісты аддзела камісійна абследуюць аб’ект на прадмет тэхнічнай умацаванасці. Пасля завяршэння мантажу сігналізацыі трэба зноў з’явіцца ў аддзел аховы для падпісання каштарысу і заключэння дагавора на ахову — і ўсё. Астатняе — за супрацоўнікамі падраздзялення: правядзенне тактычнага блакіравання і вучэбнай трэніроўкі, прывязка маршруту да мясцовасці, інструктаж па новым аб’екце і іншае.
“Задумаўся аб сігналізацыі, калі купіў кватэру на 1 паверсе. Але ў мяне свежы рамонт, не хочацца яго псаваць”
План-схема размяшчэння тэхсродкаў аховы (ТСА) папярэдне ўзгадняецца з заказчыкам, таму турбавацца аб парушэнні эстэтыкі вашага інтэр’ера не варта. I, дарэчы, стратэгія абсталявання сігналізацыяй памяшканняў, якія знаходзяцца на першых паверхах шматкватэрных дамоў, некалькі іншая, чым для астатніх: уваходныя дзверы на адкрыццё блакіруюцца магнітакантактнымі апавяшчальнікамі, на пралом — аб’ёмнымі інфрачырвонымі, якія рэагуюць на рух; вокны, выхады на балкон блакіруюцца на адкрыццё і разбурэнне акустычнымі апавяшчальнікамі, аб’ём памяшканняў — таксама інфрачырвонымі. Прычыны такога дбайнага блакіравання, думаю, відавочныя. Адмысловая схема існуе і для дамоў, што стаяць асобна.
“Ведаю, што ТСА абсталююць нават дачы і гаражы. Але ж там няма стацыянарных тэлефонных ліній”
Для такіх выпадкаў рашэннем праблемы з’яўляецца ўстаноўка сістэмы ахоўнай сігналізацыі, якая працуе па GSM каналах сувязі і выкарыстоўвае для перадачы трывожнага сігналу магчымасці аператара сотавай сувязі. Яны функцыянуюць усюды, дзе ёсць устойлівая сотавая сувязь. Так, у нас ёсць кліенты ў Вяззі, Смыку, Забалацці, Замошшы. Можна выбраць аўтаномны рэжым эксплуатацыі: гаспадар атрымае SMS-сігнал на мабільны тэлефон і сам паведаміць аб праблеме ў міліцыю. У іншым рэжыме трывожны сігнал яшчэ будзе паступаць на пульт цэнтралізаванага назірання аддзела аховы, і супрацоўнікі падраздзялення неадкладна прыбудуць да аб’екта.
“На жаль, пажылым людзям фінансавае становішча не дазваляе абсталяваць сістэмай аховы ні дом, ні гараж”
Аб гаражы. “Скааперыруйцеся” з суседзямі: сігналізацыя, якая працуе па GSM і 3G, можа быць устаноўлена на 3 гаражы — адпаведна і выдаткі дзеляцца на трох уладальнікаў. На абсталяванне жылля ТСА прадастаўляем паўгадавую растэрміноўку. Удзельнікам вайны і асобам, да іх прыраўнаваным, інвалідам, пенсіянерам па ўзросце, якія пражываюць асобна ад працаздольных членаў сям’і, — льгота: для іх усталёўваецца тарыф са зніжкай, памер якой складае 50% ад 1 базавай велічыні ў месяц. Бюджэтны варыянт — устаноўка кнопкі трывожнай сігналізацыі (КТС). Гэта недарагая мініяцюрная прылада, падключаная на пульт цэнтралізаванага назірання і прызначаная для экстраннага выкліку міліцыі. Сёння такія кнопкі ставяць не толькі ў банках, крамах і рэстаранах, але і ў кватэрах грамадзян. КТС ставіцца па жаданні ўладальніка ў любым зручным месцы і кантралюецца кругласутачна. Дарэчы, многія, у тым ліку і для ўласнага спакою, дораць КТС сваім бацькам-пенсіянерам: што б ні здарылася — злачынны замах, з’яўленне жуліка або іншая экстранная сітуацыя — пажылы чалавек можа адчуваць сябе абароненым. Па сігнале група затрымання прыбудзе максімум на працягу 7 хвілін, а кошт у месяц — усяго 7 рублёў. Дарэчы, пры адначасовай устаноўцы ахоўнай сігналізацыі і КТС на апошнюю дзейнічае 50-працэнтная зніжка.
* * *
Сёння ў раёне права на абарону ўласнасці рэалізавана на 147 аб’ектах, якія належаць юрыдычным асобам, і ў 664 кватэрах, дамах і гаражах — там, дзе ўсталявана ахоўная сігналізацыя Дэпартамента аховы.