Асіповіччына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як вядома, вызвалена войскамі 2 і 1 Беларускіх франтоў у ходзе праведзенай аперацыі “Баграціён”. Райцэнтр пазбавіўся ад гітлераўскай акупацыі 28 чэрвеня1944 года, і ўсім, хто ўдзельнічаў у яго вызваленні ад карычневай чумы, у той жа дзень Вярхоўны Галоўнакамандуючы аб’явіў падзяку, а ў Маскве ў іх гонар прагучаў артылерыйскі салют — 20 залпаў з 224 гармат.
Сёлета Дзень вызвалення роднага краю землякі адзначылі масава адразу ў двух месцах — ля мемарыяльных комплексаў у в. Брыцалавічы і ва ўрочышчы Расоха. І гэта сімвалічна: вёска, размешчаная на тэрыторыі Ліпенскага сельсавета, разам з мірнымі жыхарамі ў студзені сорак трэцяга была спалена карнікамі, а ў градзянскіх лясах у час Вялікай Айчыннай вайны базіравалі-ся райкамы партыі і камсамола і штаб Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы. За час баявых дзеянняў партызанамі і звязанымі з імі падпольшчыкамі былі пу-шчаны пад адхон сотні эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, узарвана звыш 5 тысяч чыгуначных рэек, разгромлена 13 гарнізонаў, знішчана больш за 15 тысяч гітлераўцаў і паліцаяў. Камандзір АВАГ генерал-маёр Мікалай Каралёў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
…Брыцалавічы. На свяшчэнным месцы ля архітэктурна-скульптурнай кампазіцыі, бетоннай стэлы з эпітафіяй і пліт з імёнамі загінуўшых у Ганаровым каравуле застылі салдаты і піянеры. Урачысты мітынг, прысвечаны 73-й гадавіне вызвалення Асіповіччыны ад ворагаў, адкрывае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік, потым да мікрафона падыходзяць першы намеснік старшыні райвыканкама Павел Налівайка, старшыня райсавета ветэранаў Міхаіл Слесарэнка і сакратар “пярвічкі” БРСМ 51 артылерыйскай брыгады камандзір узвода гвардыі лейтэнант Сцяпан Курачкін. І ў пранікнёных словах кожнага прамоўцы — нізкі паклон ветэранам, глыбокая ўдзячнасць воінам, партызанам, падпольшчыкам і працаўнікам тылу, якія зрабілі ўсё магчымае і нават больш, каб мы сёння жылі ў свабоднай краіне пад мірным небам, спакойна гадавалі дзяцей і працавалі на карысць любай Айчыны, усяго грамадства і кожнага з нас.
У знак памяці і смутку аб тых, хто не вярнуўся з бачных і нябачных франтоў, памёр ад ран, прапаў без вестак і быў замардаваны ў палоне, расстраляны і зажыва спалены фашысцкімі нелюдзямі, дэлегацыі працоўных калектываў, дарослыя і дзеці ўскладаюць вянкі і кветкі да абеліска. У самотнай цішы хвіліны маўчання чуваць толькі гукі метранома…
Мітынг скончаны, гучаць Гімн Рэспублікі Беларусь і традыцыйны ружэйны залп, але ўдзельнікі не разыходзяцца, а з задавальненнем вітаюць самадзейных артыстаў, якія дораць усім міні-канцэрт “Ніколі не забудзем” — сваё майстэрства, якому варта пазайздросціць не аднаму з прафесіяналаў сцэны.
Прыкладна па такім жа сцэнарыі праходзілі ўрачыстасці і ў расохскім урочышчы, удзел у якіх прыняў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Дрозд.
…Мінулае сыходзіць, але не забываецца. І нашчадкі як эстафету мужнасці і стойкасці перадаюць памяць аб подзвігах простых савецкіх людзей, якія зрабілі ўсё дзеля нашай будучыні.
Жыццё працягваецца!