І не страціць святое штосьці
Старадаўнія побытавыя рэчы ў Татаркаўскай сярэдняй школе пачалі збіраць даўно. Зараз яны захоўваюцца ў адным з вучэбных кабінетаў як напамін пра жыццё-быццё продкаў. Пры неабходнасці настаўнік можа не карцінкі з падручніка, а наглядна паказаць вучням, як выглядаў той ці іншы прадмет быту бабуль-дзядуль.
— Маем звыш 50 экспанатаў, — гаворыць дырэктар школы Вадзім Грэнь. — Безумоўна, захоўваць такія рэчы неабходна, бо ў іх заключаны вялікі духоўны сэнс. Рабіліся яны ўручную, кожны майстар укладаў у выраб душу, саграваў цяплом. Прылады служылі чалавеку верай і праўдай дзясяткі гадоў. Многае адышло ў нябыт. І добра, што знаходзяцца энтузіясты, якія занепакоены захаваннем культурнай спадчыны свайго народа. Сярод іх многа настаўнікаў, чыя праца ў гэтым накірунку прыносіць станоўчы вынік. Музеі, этнаграфічныя куткі, пастаянна дзейнічаючыя або часовыя выставы — усё для таго, каб не забыліся.
На здымку: 8-класніца Наталля Салавей дэманструе лапатападобную прасніцу — драўляную прыладу для мацавання кудзелі ў час прадзення воўны, льна, лянькі. Вядомы яшчэ тры асноўныя тыпы: прасніца-грэбень, прасніцавілы, прасніцакій. Кудзеля — валакно лёну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы. Верацяно — у старажытнасці драўляная, крыху завостраная палачка, пазней — конусавідная палачка даўжынёй 20-30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які дзеля павялічвання вагі насаджвалі прасліца, і вострай пяткай.
Яе аднакласніца Паліна Цуранава паказвае драўляную ступу невялікіх памераў. Традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выкарыстоўвалася і для іншых мэт. Ступу рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку. Зерне ў ступе таўклі таўкачом — тоўстай выструганай палкай з паўкруглымі канцамі. Яго перад апрацоўкай сушылі, а ў працэсе таўкачэння крыху змочвалі вадой. Стоўчаныя крупы прасявалі на рэшаце ці ачышчалі пры дапамозе апалушак.
Фота Ніны ЦАРЫК.