Для працаўнікоў ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” перадвелікодныя дні заўсёды асаблівыя: наладжваецца выпуск кулічоў. Гэта незвычайная прадукцыя павінна быць не толькі якаснай, але і мець духоўную складаемую. Днямі благаслаўляў асіповіцкіх хлебапёкаў на працу і асвячаў тэхналагічнае абсталяванне іерэй Васілій Белавус. Купіць асвечаны хлеб зручна тым, хто не мае магчымасці наведаць царкву. Зразумела, праведзены абрад не ўплывае на кошт прадукцыі. Сёлета асвячоныя кулічы, дарэчы, пазначаны спецыяльнай наклейкай на ўпакоўцы.
“Вербны”, “Вясна-красна”, “Вясновая раніца”, “Зорны”, “Графскі” — на бягучым тыдні будзе выпушчана 20 тысяч велікодных кексаў з такімі назвамі. Вага розная: 200, 260, 300 і 400 грамаў — выбірай, які патрэбен. Усе вырабы з разынкамі, а “Графскі” яшчэ з цукатамі і курагою. Для ўпрыгажэння выкарыстоўваюцца цукровы сіроп, памадка, шакалад, дэкаратыўная пасыпка.
Розная і ўпакоўка святочнай прадукцыі. Кулічы прадаюцца ў бумажных формах, поліэтыленавай плёнцы, пакетах з каляровымі ўзорамі. Тэрмін захавання ўпакаваных вырабаў — 12 сутак.
Пры вытворчасці кулічоў ужываюцца толькі натуральныя інгрэдыенты. Выпечка смачная, прыгожая і карысная. А набыць яе можна сёння на кірмашы, які праходзіць на цэнтральнай плошчы райцэнтра, у магазінах прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Прусакоў”, у тым ліку “Парусе” і “Свіслачы”, таксама ў крамах ААТ “Гандаль”, “Суседзі” і, безумоўна, фірменных кропках хлебазавода, якія размешчаны непасрэдна каля прадпрыемства і на гарадскім рынку.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.