Сёння — Сусветны дзень аховы працы
Асіповіцкаму доследнаму лясгасу прысуджана I месца па выніках штогадовага абласнога агляду—конкурсу на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму за 2016 год сярод арганізацый вытворчай сферы. Высокую ацэнку сваёй дзейнасці на такім узроўні ён атрымлівае ўпершыню.
Па словах начальніка бюро па ахове працы лясгаса Барыса Малевіча, на мерапрыемствы, звязаныя з аховай працы і прафілактыкай траўматызму, летась арганізацыяй было затрачана 1705,5 тысячы рублёў, з іх 657,18 — на рэканструкцыю лесапільнага ўчастка № 3 дрэваапрацоўчага цэха ў Ліпені, дзе ўстаноўлены сучасная лінія па перапрацоўцы драўніны, новыя вентылятары і электрапрыборы. Акрамя гэтага, набывалася спецадзенне і іншыя сродкі аховы. Атрыманая грашовая прэмія пойдзе на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы кабінета па ахове працы.
Як вядома, праца работнікаў лясной галіны — адна з самых небяспечных у свеце. Аднак радуе тое, што ў мясцовым лясгасе за апошнія гады няшчасных здарэнняў альбо выпадкаў траўматызму не рэгістравалася. А гэты факт дарагога варты.