Дзясяты па ліку “Тыдзень лесу” правялі ў пачатку красавіка ў краіне — на гэты раз прысвечаны аднаўленню лясоў, пашкоджаных падчас стыхійных бедстваў.
Як адзначыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Асіповіцкага доследнага лясгаса Аркадзь Новікаў, у ходзе акцыі ў раёне пасадзілі 67,5 гектара дрэў, адрамантавана і прыбрана 6 зон адпачынку, вывезена 36,5 кубаметра смецця з дзяржлесфонду. На карысць лясоў папрацаваў 841 жыхар Асіповіччыны: акрамя непа-срэдна работнікаў лясной гаспадаркі, да акцыі далучыліся супрацоўнікі Следчага камітэта, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, міжрайінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, школьныя лясніцтвы і проста жадаючыя дапамагчы. Што тычыцца школьнікаў, то Аркадзь Аркадзьевіч асабліва адзначыў вучняў СШ №№ 1, 2, 4, Каменіцкай школы і актывістаў БРСМ з прафтэхкаледжа. Апошні акорд акцыі адбыўся ў суботу. Прадстаўнікі ўсіх 13 лясніцтваў раёна, супрацоўнікі IАЖіРС, вучні і актывісты зноў узяліся за рыдлёўкі і саджанцы.
Напрыклад, у дэндрапарку, што непадалёк ад АЗАА, на месцы былых пустэч з’явіліся ліпы, клёны, елкі. А ў квартале 4 Каранскага лясніцтва прадстаўнікі лясгаса і IАЖіРС высадзілі двухгадовыя сеянцы сасны. Цікава, што адзін сеянец каштуе ўсяго 4,5 капейкі, а ў Ліпенскім пітомніку вырасцілі іх так шмат, што і сабе хапіла, і на продаж аддалі. Дарэчы, менавіта Каранскае лясніцтва пад кіраўніцтвам ляснічага Аляксандра Гуліка першым завяршыла пасадку дрэў вясной-2017. “Планавалі, што працэс зойме каля 2 месяцаў, але з дапамагой актывістаў справіліся за 2,5 тыдня”, — адзначае Аляксандр Мікалаевіч.
— За сезон на тэрыторыі раёна пасадзілі каля мільёна новых саджанцаў: дзесьці палова — сасна, 30% — елка, яшчэ 20% — дуб, а таксама бяроза, ліпа, клён, алешына, лістоўніца, — падводзіць вынік галоўны ляснічы лясгаса Андрэй Сарока. — Тэрыторыя, на якой аднавілі лес, — 230 гектараў, яшчэ на 300 дапоўнілі леташнія пасадкі. Справіліся з пасадачнымі работамі менш чым за месяц. Спадзяёмся, праца была на карысць і кожнае дрэўца добра прыжывецца.
* * *
Да ўзнаўлення акаляючага асяроддзя далучыліся ў мінулую пятніцу і навучэнцы мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Будучыя кухары-гандляры, маляры-тынкоўшчыкі, зваршчыкі-мантажнікі — усяго 3 вучэбныя групы колькасцю амаль 60 чалавек — пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Антона Баравіка ўзялі-ся прывесці ў належны стан мясцовае вадасховішча. Хлопцы і дзяўчаты ачысцілі ад смецця прыбярэжную паласу ад базы адпачынку “Бярозка” да Смыка, а ЖКГ і мясцовае лясніцтва забяспечылі моладзь усім неабходным для працы.
— Займаемся навядзеннем чысціні кожны год вясной і восенню, так што справа ўжо звыклая, — кажа Антон. — Адметна, што смецця ў гэтым годзе стала крыху менш. Можа, з цягам часу адпачываючыя і ўвогуле навучацца прыбіраць за сабой? Было б выдатна…
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота аўтара.