Не першы год у спісе лідараў ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” па нарыхтоўцы бярозавага соку Каранскае доследна-прамысловае лясніцтва. Сёлета яго працаўнікі маюць заданне сабраць 250 тон гэтага карыснага прадукту. На сёння аб’ёмы ўжо набліжаюцца да сотні тон.
— Распачалі сезон 12 сакавіка, — увёў у курс спраў ляснічы Аляксандр Гулік. — Падсачылі больш за 2 тысячы бяроз. Стараемся да кожнага дрэва ставіцца беражліва. Набылі спецыяльны бур, каб як мага менш траўміраваць бярозкі. А ўвогуле існуюць “Правілы нарыхтоўкі другасных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання”, якімі строга і кіруемся пры выкананні такога віду работ. Імі, дарэчы, павінны карыстацца і землякі, якія збіраюць сок для ўласных патрэб. За парушэнне правілаў існуе адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Зараз ёсць усе падставы меркаваць, што сёлетні сезон будзе выніковым: начныя марозікі спрыяюць больш доўгаму працэсу назапашвання дрэвам спажыўных рэчываў. Сок ідзе да тае пары, пакуль бяроза не набярэ патрэбнай колькасці цукру для распускання пупышак. Гэта можа працягвацца ад 2-3 тыдняў і да паўтара месяца, — дзеліцца сваімі назіраннямі вопытны нарыхтоўшчык: як-ніяк, за плячыма ўжо тры дзясяткі гадоў ляснога стажу.
Расказаў Аляксандр Мікалаевіч і аб тым, што хімічны аналіз соку адразу паказваў 0,8% сухога рэчыва, а гэта нядрэнны ўзровень. Якасны прадукт з задавальненнем набываюць перапрацоўшчыкі, прычым не толькі айчынныя. Напрыклад, у час наведвання лясніцтва журналістамі “раёнкі” напаўнялася 25-тонная цыстэрна для суседняй Літвы.
На нарыхтоўцы бярозавіку ў лясніцтве занята 6 чалавек. Сярод іх штатны працаўнік толькі трактарыст Станіслаў Жук, з астатнімі ж арганізацыя заключае дагавор падраду, што выгадна і лясніцтву, і людзям. Вось ужо больш за 10 гадоў брыгаду нарыхтоўшчыкаў, а яна штогод больш-менш стабільная, узначальвае Мікалай Юшкевіч. Нарыхтоўка соку ідзе ўвесь светлавы дзень, а на ноч застаецца дзяжурны для аховы дзялянкі. Нарыхтоўчая справа, канечне, не з лёгкіх: за змену даводзіцца перанесці каля сотні поліэтыленавых мяшкоў, якія ўтрымліваюць да 40 літраў бярозавіку. Ды і надвор’е не заўсёды спагадлівае. Тым не менш збор каштоўнай сыравіны не спыняецца — сваю вагу мае кожны дзень!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.