У Ялізаўскім сельсавеце зараз гарачая пара. Атрымаўшы з падатковай інспекцыі спіс жыхароў, якія ў 2015 годзе не плацілі падаткі, калектыў выканкама высвятляе, хто з гэтых людзей не адносіцца да катэгорыі сацыяльных утрыманцаў.
Як запэўнівае старшыня сельвыканкама Аляксандр Ждановіч, тых, хто свядома не хоча працаваць, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Абсалютная большасць ялізаўчан зацікаўлена ў стабільным працоўным месцы, хоча сумленна выконваць прафесійныя абавязкі і мець сродкі для дастойнага жыцця. Многія працуюць дзесьці, але не заўсёды паведамляюць аб гэтым. Не ўсе ведаюць, якія дакументы неабходна прадаставіць, каб не падпасці пад дзеянне Дэкрэта № 3.
Каб павысіць дасведчанасць насельніцтва, работнікі сельвыканкама з дапамогай дэпутатаў мясцовага Савета наведваюць кожнага, вышукваюць тых, хто працуе ў іншых населеных пунктах, тлумачаць, разбіраюцца ў сямейных сітуацыях, выдаюць неабходныя даведкі, дапамагаюць працаўладкавацца. Найбольшую радасць адчуваюць, заўважыўшы былых беспрацоўных, якія раніцай спяшаюцца на набытае рабочае месца.