Хто з жыхароў Асіповіччыны не каштаваў хоць раз гэтую асаблівую дзікарослую расліну? Дзякуючы сваім харчовым якасцям зеляніна папулярная ў народзе. Звычайна яна з’яўляецца дзесьці ў сярэдзіне красавіка, але ў гэтым годзе нядобрасумленныя грамадзяне пачалі гандляваць ёй на месяц раней. А ці памятаеце, што мядзведжая цыбуля, як і сон-трава, першацвет высокі, ветраніца лясная, занесена ў Чырвоную кнігу? Рэдкай расліна стала менавіта з-за варварскага знішчэння. З надыходам вясны тысячы людзей прачэсваюць лясы ў пошуках першай зеляніны — неабмежаваны збор і вытоптванне і прывялі да скарачэння месцаў росту мядзведжай цыбулі.
Артыкул 15.8 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае штрафныя санкцыі за парушэнне патрабаванняў па ахове і выкарыстанні дзікарослых раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу краіны, і месцаў іх росту. У залежнасці ад абставін можна “пазбавіцца” ад сумы ў памеры ад 10 да 1000 базавых велічынь. У выпадку продажу мядзведжай цыбулі ці іншых раслін-“чырванакніжнікаў” ужываецца артыкул 12.17 КаАП, які цягне накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 10 БВ. У мэтах захавання гэтага віду расліны Мінпрыроды заклікае грамадзян выконваць рашэнне, якое забараняе збор і продаж чарамшы, і не стымуляваць нядбайных грамадзян яе пакупкай.