На мінулым тыдні ў расійскай сталіцы адбылася XXIV міжнародная выстава прадуктаў харчавання, напіткаў і сыравіны для іх вытворчасці “Продэкспо-2017”. Удзельнічала ў гэтым важным для вытворцаў мерапрыемстве і ААТ “Бабушкина крынка — кіруючая кампанія холдынга “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”.
Спецыялісты, якія пабывалі на форуме ў Маскве, атрымалі шмат новай карыснай інфармацыі датычна павышэння якасці вырабаў, выкарыстання ўпакоўкі, яе дызайну і г.д.
У агульным холдынг узнагароджаны кубкам за стабільны выпуск якаснай прадукцыі і 27 медалямі. Прыемна, што сярод лінейкі адзначаных тавараў у конкурсе “Лепшы прадукт-2017”, які прайшоў у рамках выставы, ёсць і асіповіцкія — сыркі глазураваныя тварожныя “Веселые внучата” з водарам ваніліну плюс з какавам і водарам ваніліну. Такім чынам, на рахунку мясцовых малочных перапрацоўшчыкаў два “срэбра”.
Паралельна ў Асіповічах на ВУП “Малочны полюс” была асвоена вытворчасць двух новых відаў тварожных сыркоў: “Веселые внучата” займелі стрыжневую начынку з варанай згушчонкі і клубніц. Навінку паспелі паспрабаваць і станоўча ацаніць не толькі землякі, але і жыхары абласнога цэнтра і сталіцы. Увогуле новы цэх з высокатэхналагічным абсталяваннем па вытворчасці названага віду прадукцыі, які быў запушчаны напрыканцы мінулага года, стабільна набірае магутнасць. Зараз тут за суткі з канвеера сыходзіць 6,5 тоны смачнага пачастунку. А са студзеня 4 віды тварожных глазураваных сыркоў, выпушчаных на новай лініі, “Малочны полюс” пачаў экспартаваць у Расійскую Федэрацыю.