Знаёмцеся:
галоўны ўрач Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы
Павел Шаціла
Нарадзіўся 8 ліпеня 1987 года ў пасёлку Ялізава. Пасля вучобы ў школе і Магілёўскім абласным ліцэі паступіў у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, які закончыў у 2011 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць «хірург». Iнтэрнатуру праходзіў у Бабруйску.
З 2012 года працаваў хірургам Мсціслаўскай раённай бальніцы, з 16 ліпеня 2014 года прыступіў да работы ў Асіповіцкай ЦРБ. Спачатку быў хірургам прыёмнага аддзялення па аказанні экстраннай дапамогі, а потым намеснікам галоўнага ўрача (па медыцынскай частцы). З 26 снежня прызначаны галоўным урачом установы аховы здароўя.
На новай пасадзе кіраўнік плануе рабіць усё магчымае, каб забяспечыць даступнасць медыцынскай дапамогі насельніцтву і палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу бальніцы. Лічыць неабходным давесці да людзей інфармацыю аб прычынах узнік-нення многіх распаўсюджаных хвароб, спосабах іх выяўлення, каб пацыенты звярталі ўвагу на першыя сімптомы, ведалі, да якога спецыяліста звяртацца, і своечасова гэта рабілі. Плануецца выезд рабочых груп на прадпрыемствы і ва ўстановы з мэтай павышэння медыцынскай дасведчанасці насельніцтва, распрацоўка спецыяльных апытальных лістоў. Кожны пацыент павінен памятаць, што ўрач можа дапамагчы толькі таму, хто своечасова звярнуўся да яго.
Павел Генадзьевіч будзе працягваць укараненне скрынінгавых праграм, накіраваных на выяўленне хвароб на ранніх стадыях. Лічыць дасягненнем установы аховы здароўя тое, што практычна ўсё мужчынскае насельніцтва сёлета прайшло спецыяльнае абследаванне, у выніку чаго выявілі на ранніх стадыях больш за 50 выпадкаў раку прастаты. А калонаскапія, якую прайшло больш за 200 чалавек, выявіла многа паліпаў, якія адразу ж былі выдалены, што не дазволіла ім перарадзіцца ў злаякасныя пухліны.
Нягледзячы на занятасць, доктар любіць пачытаць не толькі медыцынскую, але і мастацкую літаратуру. А яшчэ імкнецца часцей бываць на прыродзе, куды выязджае з жонкай і маленькай дачушкай Марыяй, якая зараз наведвае адаптацыйную пляцоўку ў дзіцячым садзе № 8.