Па дадзеных адзінага разліковага цэнтра, на пачатак года налічваецца 1366 асабовых рахункаў з пратэрмінаванай запазычанасцю насельніцтва за водакарыстанне і водаадвядзенне на суму 15625,9 руб. За паслугі, якія прадастаўляе УКП ЖКГ, запазычанасць складае 134879,3 руб. па 1649 асабовых рахунках.
На рэспубліканскай выставе «Калядныя ўзоры» былі прадстаўлены і работы дырэктара райцэнтра рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Валянціны Прасаловіч. На суд гледачоў асіпаўчанка прадставіла аўтарскія лялькі ў нацыянальным строі. Яе работы названы ў ліку лепшых.
Ялізаўскі сельсавет удзячны ДЭУ-73 за ўзаемадзеянне і падтрымку. З дапамогай гэтай арганізацыі была ўстаноўлена агароджа ў раёне газаправода, расчышчаліся вуліцы ў час снегападаў і пад’язныя пуці да школы. Жыхарам пасёлка, як і многім землякам з іншых мясцін, нядрэнна было б узяць прыклад з рабочых дарожнай арганізацыі, якія на добраахвотных пачатках уручную чысцілі сцежкі і тратуары для камфорту ялізаўчан.
У ЦРБ паведамілі, што грып у раён пакуль не прыйшоў — фіксуюцца толькі выпадкі ВРВI. Спецыялісты папярэджваюць, што ў выпадку недамагання не варта адразу хапацца за антыбіётыкі і процігрыпозныя прэпараты, трэба звярнуцца да ўрача.
Філіял ААТ «Магілёўсаюздрук» ужо пачаў падрыхтоўку да Дня святога Валянціна. Кіёскі прапаноўваюць паштоўкі, сувеніры, у шырокім асартыменце прадстаўлена парфумерна-касметычная прадукцыя і біжутэрыя. Тут можна набыць скураныя галантарэйныя вырабы ручной работы, якія прыйдуцца даспадобы закаханым.
У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі па 5 лютага праходзіць выстава «Свет экзатычных насякомых». А па 2 лютага тут жа можна пазнаёміцца з фларыстычнымі кампазіцыямі Рыты Смірновай.
Камбінат бытавога абслугоўвання летась атрымаў 165,96 тыс. рублёў за паслугі цырульняў (стрыжкі, укладкі, меліраванне, манікюр, педыкюр, касметычныя паслугі і інш.).