У былыя часы паездка на кірмаш мела для нашых продкаў не толькі практычнае, але і забаўляльнае значэнне. Шырокі і багаты гандаль разгортваўся на плошчах, суправаджаўся вясёлымі народнымі гуляннямі, выступленнямі артыстаў, тэатральнымі па-станоўкамі і, такім чынам, ператвараўся ў сапраўднае свята.
Зараз арганізацыя невялікіх кірмашоў стала добрай традыцыяй дашкольных навучальных устаноў. Нядаўна, напрыклад, такое мерапрыемства адбылося ў дзіцячым садзе № 10 «Расінка».
— Вялікую ўвагу падчас выхавання дзяцей надаём вывучэнню гісторыі роднага краю, беларускай мовы і нацыянальных каштоўнасцей, знаёмім з культурнай спадчынай краіны. Дзецям вельмі падабаюцца беларускія творы — як музычныя, так і літаратурныя, таму і забаўляльная праграма праводзіцца менавіта на роднай мове, — адзначае загадчык сада Любоў Iгнацьева. — Увогуле, святочныя кірмашы – добрая нагода для таго, каб чарговы раз прадэманстраваць таленты нашых выхаванцаў.
…Дзеці ў шыкоўных нацыянальных касцюмах з музычнымі інструментамі і вышытымі ручнікамі выглядалі надзвычай прыгожа, а пасля канцэрта на пэўны час памяшканне садка ператварылася ў сапраўдную кірмашовую пляцоўку. Рыхтавацца да свята выхавальнікам дапамагалі бацькі — загадзя выпеклі пірагі, кексы, печыва, якія карысталіся вялікім попытам. Такія мерапрыемствы духоўна ўзбагачаюць дзяцей, і ў выніку задаволеныя засталіся ўсе — і бацькі, і супрацоўнікі, і малыя.
Ганна АБРАМКIНА.