А 10 гадзіне суботняй раніцы каля ваеннага гарадка ў Асіповічах было шматлюдна — як і заўжды перад галоўным воінскім рытуалам.
Навабранцы 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгады застылі ў чаканні: ужо праз некалькі хвілін давядзецца прамовіць словы воінскай прысягі ў прысутнасці камадзіраў, бацькоў, сяброў і знаёмых. Павітаць пачынаючых рэактыўшчыкаў прыйшлі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік, начальнік ракетных войск і артылерыі краіны генерал-майор Генадзь Казлоўскі, ваенны камісар Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў падпалкоўнік Мікалай Гоман, ганаровы салдат брыгады генерал-лейтэнант у адстаўцы Iван Васільевіч Жураўлевіч, настаяцель Крыжа-Уздзвіжанскага храма протаіерэй Аляксандр Кісялёў. А ад імя ўсіх матуль да байцоў звярнулася маці аднаго з навабранцаў Наталля Ліпкіна.
Пасля таго, як усе пажаданні былі выказаны і прысяга на вернасць Радзіме стала рэальнасцю, ваеннаслужачыя прайшлі ўрачыстым маршам і спелі Гімн краіны. Усё, на гэтым афіцыйная частка завершана. Засталося здаць зброю, атрымаць апошнія парады камандзіраў — і вось яно, самае радаснае імгненне: першая звальняльная запіска і чаканая сустрэча з блізкімі і сябрамі.
Зразумела, такое ўрачыстае мерапрыемства ў нас не адзінае. Напрыклад, на Асіповіцкім палігоне віталі навабранцаў 51 гвардзейскай артыллерыйскай брыгады, у Цэлі — 465 ракетнай брыгады. Ды і ўвогуле амаль у кожнай вайсковай часці або злучэнні краіны ў гэты дзень гучалі словы «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь…»
Як складзецца лёс кожнага з навабранцаў пакуль не вядома, але верыцца, што кожны з прадстаўнікоў прызыву «Восень-2016» стане сапраўдным абаронцам Айчыны, родных, блізкіх.
Марыя ТАЛЕЙКА.
Фота аўтара.