Райспажыўтаварыствам для забеспячэння насельніцтва гароднінай у міжсезонны перыяд у стабілізацыйны фонд закладзена бульбы 40 тон, капусты — 20, морквы, сталовых буракоў і цыбулі — па 5.
У Дараганаўскім сельсавеце Дамы сацыяльных паслуг пастаянна дзейнічаюць у Свіханаве, Мязовічах, Краях, Крынцы, у летні перыяд — у вёсках Камарына і Лука. Штомесячна туды выязджаюць прадстаўнікі мясцовай улады і раённых службаў для аказання сацыяльнай дапамогі. За студзень-кастрычнік па месцы жыхарства грамадзян здзейснена 4 натарыяльныя працэдуры.
У абласным аглядзе-конкурсе “Гаспадыня АПК”, што праходзіў у Горках у рамках Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу, прымала ўдзел і бухгалтар філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” Наталля Бандарчык. Яна выступіла ў намінацыі “Верш”.
Абласны этап III рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод вучняў 10-11 класаў прайшоў нядаўна ў Магілёве. Сярод 80 школьнікаў, пераможцаў раённых спаборніцтваў, вучань СШ № 4 Ягор Буйноўскі (педагог Алена Лінкевіч). Віншуем з Дыпломам II ступені!
Перадсезоннай вакцынацыяй супраць грыпу было ахоплена 19 тысяч 325 чалавек, у тым ліку 6949 дзяцей. За сродкі работадаўцаў прывіта 3435 землякоў, за асабістыя — 10.
Другі этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сярод 9-11-класнікаў праходзіць зараз у раёне. У ім прыме ўдзел каля 250 вучняў, якія сталі пераможцамі школьнага этапу.
Асіповіцкім доследным лясгасам за студзень-кастрычнік у 14 краін блізкага і далёкага замежжа адгружана прадукцыі на экспарт на суму каля 3100 тыс. долараў. Найбольш цесна лясгас супрацоўнічае з літоўцамі, якія павялічылі скарбонку прадпрыемства на 1220 тыс. долараў, палякамі (826) і латышамі (478). Самы запатрабаваны тавар — дзелавая драўніна. Яе рэалізавана 56868 кубаметраў. На другім месцы трэскі — 37423, на трэцім — піламатэрыялы, якіх адгружана звыш 7 тысяч «кубоў». Ад паляўнічых паслуг атрымана 21,7 тыс. долараў.
Асіповіцкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паведамляе, што сёлета паслугамі няні скарысталіся 11 сямей, у якіх нарадзілася адначасова двое дзяцей; паслугамі часовага прытулку («крызіснага пакою») — адна сям’я, якая пацярпела ад дамашняга гвалту.
З 1 верасня функцыі па забеспячэнні тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якія па медыцынскіх паказчыках маюць патрэбу ў сродках рэабілітацыі, ускладзены на РЦСАН.