Асіповічы: коратка аб розным

0
1
kar

Web-сайт Асіповіцкай бібліятэчнай сістэмы (lib-osipovichi.mogilev.by) існуе чацвёрты год, арыентаваны на пастаянны абмен актуальнай і прафесійнай інфармацый. За студзень-сакавік на інтэрнэт-рэсурсе зарэгістравана 3.773 наведванні.

Мясцовы лясгас нарыхтаваў сёлета амаль тысячу тон бярозавага соку, з якіх 120 закупілі літоўцы. Астатнюю прадукцыю паставілі на перапрацоўваючыя прадпрымствы краіны. Больш за ўсё карыснага напою набыло ТАА “АазісГруп” (Бабруйск) — амаль 350 тон, СТАА “Вланпак” (Смалявічы) — 239, Мінскі завод безалкагольных напояў — 168. У ліку спажыўцоў і мясцовы кансервавы завод, на які адпраўлена 23 тоны бярозавіку.

Занальны вузел электрасувязі распачаў дэмантаж ліній сувязі правадных радыётрансляцыйных сетак. Вядзецца ён падраднай арганізацыяй “Аграпрамналадка” з Магілёва. За тыдзень ужо вызвалена 30 кіламетраў каналаў сеткавай інфраструктуры са 105.

Тавараабарот рэстарана “Юбілейны” ААТ “Гандаль” за I квартал склаў амаль 415 млн рублёў, у тым ліку прададзена асабістай прадукцыі на 402 мільёны.

У аздараўленча-спартыўным комплексе “Мускул” з пачаткам сезона арганізаваны пракат байдарак і турыстычнага рыштунку для паходаў рознай працягласці і катэгорыі складанасці. Узяць на суткі байдарку абыдзецца ў 100 тысяч рублёў, палатку — у 70, спальны мяшок — у 30, дыванок турыстычны — у 15.

У дзіцячым санаторыі “Свіслач” зараз адпачывае 210 дзяцей, якія прыехалі з розных рэгіёнаў краіны, з іх 70 чалавек — з Быхаўскага раёна, з так званай “чарнобыльскай зоны”.

Выхаванцы тэатра авангарднай моды “Фэшн хаус” і салістка ўзорнага ансамбля “Журавінка” Дар’я Моцевіч Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўчора пабывалі ў Белдзяржуніверсітэце, дзе прынялі ўдзел у злёце “51 зорнага пахода” студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы.

Рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без насілля” пройдзе ў два этапы з 18 па 30 красавіка. Яе мэта — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем дамашняга гвалту, пашырыць магчымасці па аказанні дапамогі ахвярам гэтай негатыўнай з’явы.

Стаматалагічная паліклініка з 16 красавіка мяняе нумары тэлефонаў: рэгістратура — 21-3-99, загадчык паліклінікі — 21-4-99, старшая медсястра — 21-5-99, артапедыя (з/тэхн.) — 21-7-77, каса — 21-2-99.

Градзянскім сельсаветам нядаўна рэкультываваны 4 безгаспадарчыя зямельныя ўчасткі ў вёсцы Яноўка, выкарчаваны 42 дрэвы, знесена 2 тысячы метраў старых парканаў. Каля 100 нядбайных гаспадароў атрымалі прадпісанні па навядзенні парадку на сваіх падворках і прылягаючых тэрыторыях.