У нядзелю — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці
26 жніўня лепшыя работнікі і ветэраны працы Асіповіцкага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць ва ўрачыстасці з нагоды 40-годдзя прадпрыемства.
На працягу свайго адносна нядоўгага існавання Асіповіцкае УМГ неаднаразова займала ключавыя пазіцыі ў самых розных, але, як правіла, прынцыпова важных для нашай краіны працэсах. Спачатку яно было першым у БССР падземным сховішчам прыроднага газу, стварэнне якога дазволіла пачаць масавую газіфікацыю рэспублікі, потым — пасля атрымання Беларуссю суверэнітэту — забяспечвала энергетычную бяспеку маладой дзяржавы, а пазней, з умацаваннем беларуска-расійскіх сувязей, стала адным з сімвалаў інтэграцыі нашых краін у Саюзную дзяржаву. Больш таго, аб’яднанне газатранспартных сістэм Расіі і Беларусі ў адзінае цэлае — важны фактар эканамічнай стабільнасці для многіх краін Еўропы.
ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” з 2011 года — даччынае прадпрыемства публічнага акцыянернага таварыства “Газпром” — адной з буйнейшых у свеце і адной з найбольш эфектыўных транснацыянальных карпарацый. Беларускі “кавалак” яго газатранспартнай сістэмы ўключае ў сябе 17 філіялаў. Зразумела, калектыў кожнага з гэтых структурных падраздзяленняў імкнецца дасягнуць найлепшых вынікаў, і Асіповіцкае УМГ не выключэнне. Прыемна, што на фоне калег нашы газатранспартнікі выглядаюць таксама да-стойна. Менавіта на гэтым зрабілі акцэнт у сваіх выступленнях высокія госці фэсту — намеснік начальніка ўпраўлення па падземным захаванні газу ПАТ “Газпром” Сяргей Косцікаў і генеральны дырэктар ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” Уладзімір Маёраў.
Персанальным увасабленнем павагі кіраўніцтва кампаніі стала ўручэнне вышэйшых карпаратыўных узнагарод. Звання “Ветэран ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” удастоены машыніст тэхналагічных кампрэсараў Валерый Пераходзька і вадзіцель Аляксандр Сушчэвіч.
Ганаровая грамата ПАТ “Газпром” уручана электраманцёру па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання Аляксандру Лабоду. Ганаровыя граматы ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” — начальніку службы аўтаматызаваных сістэм кіравання аўтаматыкі і тэлемеханікі Валерыю Каралькевічу, аператару па здабычы нафты і газу Вячаславу Мізюку, аператару ЭВМ Наталлі Палазнік. Падзяка ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” аб’яўлена аператару газаразмеркавальнай станцыі Чэславу Дубінцу, начальніку вытворча-дыспетчарскай службы Уладзіміру Ліхалапу, загадчыку сховішча Валянціне Сугака, трубаправодчыку лінейнай брыгады хуткага рэагавання Юрыю Загароўскаму.
Адзін з адметных бакоў палітыкі ПАТ “Газпром” — сацыяльная арыентаванасць і адкрытасць да супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні. Гэта не проста дэкларацыя: вялікі ўклад газавікоў і персанальна генеральнага дырэктара ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” Уладзіміра Маёрава і начальніка філіяла “Асіповіцкае УМГ” Мікалая Краўчанкі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё Асіповіцкага раёна з удзячнасцю падкрэслілі старшыня Асіповіцкага райвыканкама Пётр Шукаловіч і намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Янкоў.
…Добры настрой прысутным стварылі Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята” Беларускай дзяржаўнай філармоніі, вядомая спявачка Паліна Смолава, і артысты-аматары: вакальная група “Крышталь” МПЦ “Равеснік” і Дар’я Фралова, фіналістка першага тура карпаратыўнага фестывалю газавікоў “Факел”. Яе творчы поспех — яшчэ адзін доказ вядомага выслоўя: той, хто ўмее добра працаваць, умее і добра адпачываць.
Плёну і поспеху вам, работнікі Асіповіцкага УМГ!
Дзмітрый САЎРЫЦКI. Фота аўтара і Алены ЕРАШЕВIЧ.