26 жніўня валанцёры райарганізацыі ГА “БРСМ”, раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, праўленне Асіповіцкага філіяла УМГ ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» і пярвічная прафсаюзная арганізацыя ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў рамках акцый “У школу з добрым сэрцам” і “Прафсаюзы — дзецям” наведалі СШ № 4, дзе ўручылі 11 школьнікам з сацыяльна неабароненых сем’яў рукзакі з поўным канцылярскім наборам.
— Мы збіралі дзяцей у школу “ўсім светам”, — расказала першы сакратар райарганізацыі ГА “БРСМ” Алена Надзеявец. — Усё неабходнае для школьнікаў нам прыносілі не толькі жыхары горада. Тут выдзелілася Наталля Кучарэнка, арганізаваўшы збор сярод сваіх знаёмых. Значную дапамогу аказалі прафсаюз і ваенная часць 61732, якія закупілі школьныя прылады на суму 200 рублёў. Сваю лепту ўнеслі і прыватныя прадпрымальнікі, якія зрабілі скідку на ранцы і заплечнікі.
Акцыя не мінула і вучняў сельскіх школ. Напярэдадні валанцёры наведалі 8 сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці розных узростаў, і парадавалі іх падарункамі.
Ганна ШАРАМЕТ.
***
Дзеці — усеагульная каштоўнасць. У гэтым у чарговы раз пераканаліся падчас правядзення акцыі «Збяром дзяцей у школу», ініцыятарам і арганізатарам якой стала раённая арганізацыя ГА Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Многія нераўнадушныя людзі прынялі ўдзел у дадзеным мерапрыемстве. Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў таксама не засталіся ўбаку.
Даведаўшыся пра акцыю, вырашыла зрабіць свой унёсак у карысную справу і кіраўніцтва лясгаса, вылучыўшы грашовыя сродкі на набыццё 10 набораў канцылярскіх тавараў для школьнікаў.
Новенькія сшыткі, ручкі, алоўкі ды іншыя прылады парадавалі дзесяцёх гімназістаў, якім былі ўручаны падарункі ў сценах роднай установы адукацыі.
Кіраўнік «пярвічкі» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Лілія Дрывіцкая адзначыла, што акцыя працягнецца да сярэдзіны верасня, а таму ёсць час узяць прыклад з лясгаса і таксама аказаць дапамогу маламаёмным сем’ям, каб 1 верасня для кожнага школьніка стала сапраўдным святам.
Iна ЗАСКЕВIЧ.