14 жніўня — Дзень будаўніка
Дзень будаўніка ўвайшоў у спіс прафесійных свят СССР у 1956 годзе. Такім чынам, сёлета яно адзначае сваё 60-годдзе. Праўда, на постсавецкай прасторы свята захавалася толькі ў Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстане, Кыргызстане і Украіне.
Цяжка казаць пра іншых, а вось айчынныя будаўнікі за час існавання суверэннай Беларусі паспелі зрабіць многае. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець навокал і ўспомніць, як выглядаў населены пункт гадоў дваццаць назад. Зразумела, маштаб перамен у многім залежыць ад памераў паселішча, так што невялікі райцэнтр накшталт Асіповічаў некарэктна параўноўваць з тым жа Бабруйскам і, тым болей, Мінскам. Аднак — і тут памер не мае значэння — паўсюдна дасягнута мэта, якая ў эпоху СССР здавалася амаль непад’ёмнай: забеспячэнне ўласным жыллём усіх жадаючых.
Наш раён тут займае асобнае месца. На сёння ён мае лідзіруючы ў вобласці і адзін з самых высокіх у краіне паказчыкаў плошчы жылля на душу насельніцтва — больш за 43 квадратныя метры. З абмеркавання наступстваў гэтага дасягнення і пачалася гаворка з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Семянцовым:
— Набліжэнне да “столі” плацежаздольнага попыту пачало адчувацца яшчэ ў 2014 годзе, калі пасля здачы ў эксплуатацыю чарговай асіповіцкай шматпавярхоўкі — 144-кватэрнага дома — 23 кватэры ў ім засталіся незапатрабаванымі. Яны, прынамсі, не знайшлі гаспадароў і дагэтуль. У чэрвені бягучага года ўзгаданае жыллё нават спрабавалі прадаць з аўкцыёна, аднак жадаючых укласці грошы ў нерухомасць не знайшлося. Зараз бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудаўніцтва на ўласныя сродкі будуе 108-кватэрны дом, у якім кожны жадаючы можа набыць долю па зусім невялікай цане — 300 долараў за 1 квадратны метр. Дом будзе здадзены ў эксплуатацыю праз месяц-два, аднак палова кватэр у ім яшчэ не раскуплена.
Насычэнне рынку жылля азначае, што на працягу некалькіх гадоў тэмпы будаўніцтва новых дамоў будуць досыць сціплыя, а прыярытэтам зробіцца ўзвядзенне сацыяльнага жылля. Яго мае права атрымаць каля 300 землякоў, так што будуемы зараз з кітайскай падтрымкай 108-кватэрны дом праблему канчаткова не вырашыць.
Застаецца яшчэ каля 2.600 чалавек, якія стаяць у льготнай чарзе на атрыманне жылля, аднак тут сканцэнтраваліся выключна тыя землякі, якія жадаюць большага, чым дазваляе дзеючае заканадаўства. У гэтым няма нічога дрэннага — заканадаўства ж можа памяняцца. Аднак з улікам існуючай у краіне агульнаэканамічнай сітуацыі наўрад ці ёсць нагода ў бліжэйшай перспектыве чакаць пашырэння дзяржрасходаў на будаўніцтва.
— Скарачэнне аб’ёмаў домабудаўніцтва відавочна адбіваецца і на работах па стварэнні інфраструктуры ў зонах жылой забудовы, дарожным будаўніцтве?
— Сёлета на пракладку інжынерных сетак з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў Асіповіччына атрымала каля 5,5 мільярда недэнамінаваных рублёў. Каля 5,2 мільярда даў раённы бюджэт. У 2014 годзе аб’ём фінансавання склаў 25 мільярдаў, так што розніца відавочная.
Практычна ўсе гэтыя сродкі запланавана ўкласці ў развіццё камунікацый новага мікрараёна на вуліцы Чарняхоўскага. Каб эфектыўнасць выкарыстання сродкаў была найбольшая, запланаваныя работы вядуцца адначасова. Асноўная праблема — неабходнасць вывесці камунікацыі з зоны будаўніцтва новай вуліцы, якая злучыць “Чарняхоўку” з вуліцай Крыловіча.
Новая вуліца пэўны час будзе мець толькі друзавае пакрыццё — на асфальт грошай пакуль няма.
З-за дэфіцыту бюджэтных сродкаў даводзіцца дамаўляцца з гаспадарамі прыватных дамоў аб змяненні ўмоў фінансавання пракладкі газаправода і водаправода ў пасёлку Ялізава і шэрагу іншых паселішчаў. Першапачаткова планавалася, што дзяржбюджэт забяспечыць 70 працэнтаў неабходных сродкаў, аднак у рэчаіснасці атрымліваецца не болей 50 працэнтаў. Трэба адзначыць, што землякі аднесліся да сітуацыі з разуменнем і згадзіліся ўзяць на сябе дадатковыя расходы. У сваю чаргу будаўнікі зрабілі ўсё магчымае, каб знізіць сабекошт работ.
Асабліва ўражваючай эканоміі ўдалося дасягнуць пры пракладцы водаправода ў вёсцы Ручай, аграгарадках Лапічы і Ліпень. Тут людзям увогуле прапанавана будаваць водаправод цалкам за ўласныя грошы, таму што сумы атрымаліся смешныя — не болей 100 дэнамінаваных рублёў. Аднак гэта прыемнае выключэнне, якое стала магчымым выключна з-за ўдалага размяшчэння ўжо існуючых камунікацый.
Што ж тычыцца дарожнага будаўніцтва, то галоўны аб’ект тут — рэканструкцыя вуліцы Рабоча-Сялянскай. Фінансаванне яго вядзецца выключна з дарожнага фонду, інакш кажучы, за сродкі, якія збіраюцца з аўтамабілістаў у якасці дарожнага збору. На гэты год выдзелены 1 мільярд недэнамінаваных рублёў. На заканчэнне ж работ патрабуецца 10 мільярдаў, так што разлічыць тэрмін здачы аб’екта ў эксплуатацыю нескладана.
— Калі работы мала, гэта павінна павышаць канкурэнцыю сярод будаўнічых арганізацый. Наколькі адпавядае такое саперніцтва інтарэсам раёна?
— Найбольш востры этап прыстасавання да неспрыяльных умоў ужо мінуў. Не абышлося без страт — шэраг дастойных павагі арганізацый спынілі дзейнасць, а некаторыя зараз праходзяць працэдуру банкруцтва ці ліквідацыі. На сёння, акрамя некалькіх дробных фірм, будаўнічую галіну ў раёне прадстаўляюць будучасткі ДУКВП “Водаканал”, УКП ЖКГ, ТАА “Асіповічыгазбуд”, БУ-2 і БМП №761. Шчыра кажучы, не шыкуюць, але і без справы не стаяць. БУ-2 і БМП-761 арыентуюцца на патрэбы Беларускай чыгункі, “Водаканал” па максімуму задзейнічаны на будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў мікрараёне вуліцы Чарняхоўскага, а “Газбуд” паспяхова выйграе тэндары за межамі раёна. Між іншым, “экспарт” сваіх паслуг удаецца толькі гэтай арганізацыі.
Сукупныя магчымасці будаўнічых арганізацый на сёння цалкам адпавядаюць патрэбам раёна, а захаваны імі кадравы патэнцыял — вопытныя арганізатары, высокакваліфікаваныя спецыялісты вышэйшага і сярэдняга звяна — дазваляе пры неабходнасці досыць хутка павялічыць вытворчую магутнасць да неабходных памераў. Гэта галоўны пазітыў, з якім асіповіцкія будаўнікі сёлета сустракаюць сваё прафесійнае свята. Цяжкасці з’яўляюцца і сыходзяць, будаўніцтва ж — справа вечная, і да яе трэба быць гатовым заўсёды.
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКI.