Аб працы на чыгунцы Генадзь Булавацкі марыў з дзяцінства, якое праходзіла ў суседнім Пухавіцкім раёне. З малых гадоў назіраў за цягнікамі, што праплывалі непадалёк ад яго роднай вёскі Каляюгі, і думаў аб тым, што як вырасце, то абавязкова навучыцца вадзіць такую вялікую машыну.
Так яно і выйшла. Скончыўшы Талькаўскую школу, мэтанакіраваны хлопец паступіў у чыгуначнае вучылішча, а праз 3 гады з дыпломам памочніка машыніста прыехаў у наш райцэнтр. Праз пэўны час пайшоў у армію. Падрыхтоўка ў войску спецыяльнага прызначэння дапамагла сяржанту ў далейшай рабоце, бо кіроўца чыгуначнага саставу павінен захоўваць самавалоданне ў любой сітуацыі, умець канцэнтравацца, быць рашучым і адказным.
Кіраўніцтва дэпо ацаніла прафесійныя і чалавечыя якасці Генадзя. Таму праз нейкі час ён прайшоў далейшую вучобу і стаў машыністам. Ездзіць як на грузавых, так і на пасажырскіх саставах. Акрамя цеплавозаў, асвоіў дызель-цягнікі і электравозы. У складзе лакаматыўнай брыгады працаваў з Сяргеем Зязюльчыкам, Дзмітрыем Алферчыкам ды іншымі калегамі. Доўгі час месца ў кабіне дзялілі з Уладзімірам Малыхіным, які, дарэчы, ужо сам стаў машыністам. І паміж паплечнікамі ўстанавіліся не толькі добрыя вытворчыя ўзаемаадносіны, але і трывалыя сяброўскія сувязі.
Але машыніст не толькі з памочнікам павінен падтрымліваць цесны кантакт у час паездкі. Пільныя вочы сочаць за прыборамі і абсталяваннем і ў той жа час назіраюць за рухам пасажыраў, якія, становячыся пешаходамі, вядуць сябе па-рознаму, часам зусім непрадказальна. Правілы бяспекі быццам і не для іх створаны, а таму машыніст павінен думаць за дваіх, прадбачачы кожны небяспечны крок любога з пасажыраў.
Надвор’е і час сутак накладваюць сур’ёзны адбітак на самаадчуванне тых, хто накіроўвае электравоз па рэйках. Летам, напрыклад, больш камфортна «руліць» уначы, у халодную палову года — наадварот. Каб не згубіць пільнасці ў час доўгай паездкі ноччу, выкарыстоўваюць розныя прыёмы. Але і абсталяванне рэагуе на стан машыніста: калі той пачне «кляваць носам» — уключыцца сігнальная лямпа, калі трэба — спецыяльны гудок, пасля якога спрацуе тармазная сістэма. Усё гэта зроблена для поўнай страхоўкі, на практыцы ж лакаматыўныя брыгады трымаюць сітуацыю пад кантролем і не дапускаюць падобных незапланаваных прыпынкаў.
Генадзь Георгіевіч не раз даказваў свой прафесіяналізм у працэсе ўдзелу ў конкурсе «Лепшы па прафесіі», дзе займаў вышэйшую прыступку сярод калег па аддзяленні. Узнагароджваўся каштоўным падарункам. А сёлета напярэдадні прафесійнага свята атрымаў ганаровы знак «За безаварыйны прабег на лакаматыве 1 000 000 км». Крыху матэматыкі. У дзень машыніст праязджае каля 200 кіламетраў. За год — некалькі дзясяткаў тысяч. За 20 з лішкам гадоў і мільён набягае. Для параўнання: гэта 25 прабегаў па экватары вакол зямнога шара. Уражвае? І робіцца гэта з дэталёвым захаваннем усіх існуючых норм і правілаў, чаму садзейнічае тэхвучоба, што рэгулярна праводзіцца на прадпрыемстве.
Як многія чыгуначнікі, машыніст 2 класа Генадзь Булавацкі пасля напружанай рабочай змены падсілкоўваецца энергіяй ад бяроз ды сосен, чаму садзейнічаюць прагулкі па лесе. А яшчэ любіць бавіць час з кнігай. Літаратурныя творы пераносяць яго ў свет прыгод ды фантастыкі. Да кніг прызвычаіў і дачку, што сёлета закончыла школу і марыць аб прафесіі эканаміста. І хоць ніхто з родных больш не звязаны з работай на чыгунцы, Генадзь не бядуе: кожная прафесія добрая, калі рабіць яе з душой.
Іна ЗАСКЕВІЧ. Фота Ніны Царык.