Гэта быў не юбілей — сёлета аграгарадку Дрычын спаўняецца толькі 109 гадоў. Але ж узрост салідны, дык чаму не сустрэцца і не адзначыць агульнае для вяскоўцаў свята?
Iніцыятарам яго правядзення стаў сельвыканкам, і цягнуць за руку нікога не спатрэбілася: у Дрычыне людзі дружныя, на пад’ём лёгкія ды і ідэя, як кажуць, наспела. Патрэбу ў тым, каб больш глыбока атаясняць сябе з малой радзімай, ганарыцца сваімі каранямі, адчуваюць многія, прычым не толькі пастаянныя жыхары вёскі, а і тыя, хто прыязджае сюды ў статусе дачніка.
Нельга сказаць, што свята вёскі Дрычын істотна адрознівалася па праграме і арганізацыі ад іншых мерапрыемстваў падобнага кшталту: успаміны пра галоўныя падзеі жыцця паселішча, ушанаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, старажылаў, заслужаных вяскоўцаў, перадавікоў працы. I добры канцэрт, наладжаны мясцовымі артыстамі, — народным калектывам “Вярба” ды юнымі талентамі з дзіцячай музычнай школы.
Хаця адно адзначыць варта: абышлося дрычынскае свята без спонсарскай дапамогі. Зразумела, больш грошай — больш магчымасцей, аднак і выключна ўласнымі сіламі можна стварыць галоўнае — атмасферу добрага настрою. I гэта тут атрымалася!
Свята вёскі ў аграгарадку Дрычын прайшло ў мінулую суботу. А ўчора падобны фэст быў наладжаны ў вёсцы Майсеевічы. Па словах старшыні сельвыканкама Мікалая Яромава, плануецца штогод праводзіць свята вёскі ў двух-трох паселішчах сельсавета. Яны павінны стаць традыцыяй, і органы мясцовага самакіравання зробяць для гэтага ўсё магчымае.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
Фота аўтара.