Думаецца, што першае слова мала каму з чытачоў знаёма, затое другое — у штодзённым карыстанні. Папіць духмяны чай або, як некаторыя гавораць, гарбату ў кампаніі з блізкімі ці сябрамі — справа добрая: можна абмеркаваць жыццёвыя пытанні, вырашыць нейкія праблемы і проста адпачыць ад напружанай работы. Прыгатаваць напой можна па-рознаму. Многім падабаецца, калі яго заварыць у спецыяльнай пасудзіне, настаяць, а затым разліць па шклянках. На думку моваведа і вядомага беларускага блогера Віталя Станішэўскага, у гэтым значэнні і зафіксавана ў слоўніках найменне “імбрык (імбрычак)”.
Знаходзім яго ў Вікіпедыі: “Імбрык” (чайнік, заварнік) — невялікае кухоннае прыстасаванне для кіпячэння вады ў мэтах прыгатавання чаю ці іншых гарачых напіткаў.
Другі мовавед Зміцер Саўка падкрэслівае, што назва “імбрык” мае турэцкае паходжанне, але з гадамі выкарыстання адваявала сабе вызначаную прастору і знайшла прымяненне ў мастацкіх творах, на старонках газет і часопісаў. Яна магла выкарыстоўвацца як тое, у чым награваюць ваду, і без розніцы, для кавы ці чаю.
Узнікла слова, як сцвярджаюць спецыялісты, у пачатку 80-х гадоў. Вядома, што ў краязнаўчым музеі Заслаўя, які размяшчаўся ў памяшканні кальвінскага збора, дзе зараз знаходзіцца праваслаўная царква, быў выстаўлены “імбрык” — велізарная медная пасудзіна тонкай работы з доўгім носікам.
Ці ёсць яно ў друкаваных слоўніках? Так. У ТСБМ пад рэдакцыяй К.Крапівы (Мн.,1980): імбрычак — чайнік для заваркі чаю. Напрыклад: Медны самавар з размаляваным у кветкі імбрычкам наверсе стаяў пасярод стала. (А.Якімовіч). У беларуска-рускім слоўніку пад рэдакцыяй доктара філалагічных навук А.А.Лукашанца (Мн., “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2012) чытаем: “імбрычак” — чайник.
Што кажа інтэрнэт? Ён выдае 352 тысячы артыкулаў.
На старонцы адкрытага шматмоўнага слоўніка BelMova, змешчанага ў інтэрнэце, таксама ёсць дадзенае найменне: імбрык (назоўнік м). Пераклады: ангелійская (eng): teapot; kettle; нямецкая (deu): die Teekanne; der Kessel; расійская (rus): чайник.
У польска-беларускім слоўніку, у артыкуле “imbryk” — значыць “чайнік”, “імбрык”, “заварнік”. Але наяўнасць слова “заварнік” і адсутнасць раздзялення значэнняў кропкай з коскай прымушае сумнявацца ў гэтай крыніцы. Бо польскае imbryk у тлумачальных слоўніках вызначаецца якраз як пасудзіна для гатавання, а “заварнік” — пасудзіна для настойвання.
Некаторыя перакладчыкі падаюць слова “чай” як “гарбата” (БРС, Мн., 2012). Зыходзячы з гэтага, чайнік — гэта гарбатнік. Дарэчы, “гарбата” знаёма інтэрнэту 87.200 раз, гарбатнік — 1.570. Выходзіць, што “імбрык” карыстальнікі сусветнай павуціны ўжываюць значна часцей.
Якімі з гэтых найменняў звычайна карыстаюцца землякі? Сярод калег-журналістаў знайшліся тыя, хто выкарыстоўвае ў сваёй паўсядзённай лексіцы толькі “чайнік”, але гатовы ўвесці ў абыход і два другія словы, асабліва “імбрык” — найменне гучнае, ёмістае, прыгожае.
Што кажа асіповіцкая моладзь?
— Кола маіх як школьных, так і ўніверсітэцкіх сяброў — рускамоўнае, — гаворыць 20-гадовая Яна Корбаль. — Таму ўжываем слова “чай”, але знаёмы і са словам “гарбата”. “Імбрык” чую ўпершыню, хаця на слых яно маляўнічае, прыемнае.
А што думаюць пра тры гэтыя назвы настаўнікі беларускай мовы?
“Імбрык” не даводзілася сустракаць ні на старонках падручнікаў, ні ў мастацкіх тэкстах, — гаворыць Святлана Брызінская. — “Гарбата” больш папулярнае, вучні яго таксама ведаюць. Пра “чай” і гаворкі няма — яно бытуе паўсюль. З першым словам абавязкова пасябрую і пазнаёмлю з ім сваіх падапечных.