У нядзелю ў Асіповічах адбылася працэсія рымска-каталіцкага прыходу Божай Міласэрнасці ў гонар свята Божага Цела. У ёй прынялі ўдзел дзясяткі жыхароў горада і раёна.
Божае Цела — распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Свята адметна тым, што ў гэты дзень католікі рыхтуюць урачыстыя працэсіі да чатырох алтароў. Яны называюцца эўхарыстычнымі, таму што святар нясе Найсвяцейшы Сакрамэнт — Цела Хрыста. Слова “эўхарыстыя” ўзята з грэчаскай мовы і абазначае як саму Святую Імшу, Цела і Кроў Хрыста, так і падзяку. Як вядома, удзел у Святой Імшы, падчас якой хлеб і віно пераўтвараюцца ў Цела і Кроў Езуса, — найлепшая магчымасць падзякаваць Богу за ўсе атрыманыя ад Яго дары. Свята Божага Цела мае на мэце падкрэсліць любоў і пашану вернікаў да Эўхарыстыі.
Урачыстасць Божага Цела стала для асіповіцкіх католікаў магчымасцю публічна пацвердзіць сваю веру ў прысутнасць Хрыста пад выглядам хлеба і віна. У кансэкраваным хлебе і віне жывы і праслаўлены Хрыстус прысутнічае са сваім Целам і Крывёю, душою і Боскасцю, бласлаўляючы палі, дамы, месцы працы вернікаў і ўсю нашу Бацькаўшчыну.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.
Огромное спасибо за статью! Храни Вас Бог!