Па выніках конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь-2015” у спіс самых высакаякасных прадуктаў харчавання ўвайшлі адразу два вырабы
ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” — “Мука пшанічная I гатунку экструзіённая шырокага прызначэння” і “Прысмакі мучныя “Колечки” з водарам ваніліну.
Першы прадукт — высокатэхналагічны паўфабрыкат, які шырока прымяняецца для паляпшэння спажывецкіх кандыцый разнастайных хлебабулачных вырабаў і з’яўляецца кампанентам адной з найбольш запатрабаваных на рынку харчовай прадукцыі распрацовак прадпрыемства — сухой заваркі “Каласок”.
Другі з лепшых хлебазаводскіх вырабаў уяўляе сабой пясочнае пячэнне, у склад якога ўваходзяць выключна натуральныя кампаненты. Экалагічная і з вядомым смакам прадукцыя — свайго роду салодкая класіка, якая ніколі не састарэе і не страціць папулярнасці.
Прынамсі, запатрабаванасць у пакупнікоў лічыцца абавязковай умовай для выстаўлення прадукту-прэтэндэнта на конкурс лепшых тавараў. З гэтай нагоды ўзнікае своеасаблівы маркеталагічны парадокс: атрыманне пачэснага звання істотным чынам не адбіваецца на аб’ёмах рэалізацыі канкрэтнага вырабу, аднак павышае інтарэс з боку спажыўца да брэнду ў цэлым. Калі ж вытворца мае ў сваім актыве некалькі прадуктаў з прэстыжным знакам “Лепшы тавар Рэспублікі Бедарусь”, яго рэпутацыя набывае ўстойлівую рэспектабельнасць.
Што тычыцца ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”, то яно прымае ўдзел ва ўзгаданым спаборніцтве вытворцаў прадуктовай прадукцыі тры апошнія гады, і ў 2013 годзе лепшымі таварамі года, акрамя вышэйназваных, прызнаваліся яго сухая заварка “Каласок”, хлеб “Пажытны са сланечнікам” і торт “Веста”, а ў наступным — торт “Залаты пярсцёнак”.