Сёння цяжка знайсці жыхара Беларусі, які б не бачыў — у рэальнасці або па тэлевізары — відовішчныя святочныя парады з нагоды перамогі ў Вялікай Айчыннай або Дня Незалежнасці краіны. Асіповічы — сталіца ракетных войск і артылерыі, таму відавочна, што мясцовыя ваенныя проста павінны прымаць удзел у такіх статусных рэспубліканскіх мерапрыемствах.
У аўторак у парку тэхнікі 336 рэактыўнай артыллерыйскай брыгады чарговы раз панавала ажыўленне: салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры злучэння пад камандаваннем падпалкоўніка Уладзіміра Пацоўскага зноў накіроўваюцца ў Мінск — рыхтавацца да параду, які пройдзе ў Дзень Незалежнасці.
— Падрыхтоўка звычайна пачынаецца прыблізна за 2-3 месяцы да падзеі — каб усё паспець, — расказвае намеснік камандзіра брыгады па ўзбраенні, які ўжо ў сёмы раз едзе на парад. — Даволі шмат часу займае непасрэдна тэхнічнае абслугоўванне баявых машын. Па прыездзе ў месца часовай дыслакацыі — гэта 120 асобная механізаваная брыгада — адразу распачынаем дэфектацыю тэхнікі: сэрвіснае абслугоў-ванне ніколі лішнім не бывае, ды і вонкавы выгляд павінен быць на ўзроўні. Таксама 3 разы на тыдні нас чакаюць начныя трэніроўкі на палігоне Ліпкі. Ну і напрыканцы — два генеральныя прагоны ўжо непасрэдна ў горадзе.
Асноўная частка тэхнікі будзе рухацца па праспекце, а яшчэ дзве пускавыя ўстаноўкі ўсталююць, скажам так, для грамадзян: каб маглі падысці і дакрануцца, дзеці — нават палазіць. Але гэтыя машыны таксама ў любы момант, калі спатрэбіцца, могуць паехаць.
Што тычыцца асабовага складу, то экіпажы параднай “каробкі” укамплектаваны начальнікам разліку, яго намеснікам і механікам-вадзіцелем. Кожнаму гэты выезд дасць штосьці сваё: удасканаленне майстэрства, камандзірскі вопыт і іншае. Большасць з ваеннаслужачых даволі маладыя, таму, спадзяюся, лёгка змогуць арыентавацца ў тым, што адбываецца.
Дарэчы, не ў першы раз у сталіцу камандзіруецца не толькі Уладзімір Фёдаравіч. Напрыклад, старшы прапаршчык Андрэй Ліпскі “абагнаў” намесніка камандзіра на адзін парад. А вось механік-вадзіцель Арцём Рубаха, як і большасць удзельнікаў-“тэрміновікаў”, накіроўваецца на падобнае мерапрыемства ўпершыню.
— Служу амаль год, — кажа ён. — Удзел у парадзе такога маштабу — справа адказная, але і ганаровая, таму, зразумела, хвалююся. Тым больш, што бацькі збіраюцца прыехаць 3 ліпеня ў Мінск. Але дакладна ведаю: у нас ўсё атрымаецца!
— Даволі часта бываю ў сталіцы, вучыўся там, горад добра ведаю, парады бачыў неаднойчы, — разважае яшчэ адзін “парадны навічок” — лейтэнант Яўгеній Александрэнка. — Пару тыдняў таму прыйшоў служыць па кантракце — і вось зноў выпала магчымасць трапіць у Мінск. Цікава будзе даведацца, як усё выглядае “знутры”.
…Калона з 8 пускавых установак РСЗА “Смерч” выстраілася на тэрыторыі парка. Завяршаюцца падрыхтоўчыя работы, падпалкоўнік Пацоўскі дае апошнія настаўленні. Усе займаюць свае месцы. У шлях! На парад!
Марыя ТАЛЕЙКА.