Філіял “Белшына—агра” ААТ “Белшына” званне малочнага флагмана Асіповіччыны атрымаў даўно, а мінулы год хоць і быў складаным, але пацвердзіў справядлівасць такога статусу: вытворчасць малака на бала—гектар — 46,6 кілаграма, рэалізацыя на 100 гектараў сельгасугоддзяў — 1.254,4 цэнтнера. Ад кожнай каровы ў гаспадарцы надоена 5.536 кілаграмаў малака (раён — 4.316) — 111% да аналагічнага папярэдняга перыяду.
Найлепшыя вынікі атрымалі малочнатаварныя фермы ў Ліпені, Свіслачы і Вязаўніцы, дзе сярэднегадавы надой ад каровы адпавядае 7.353, 6.889 і 6.105 кілаграмам малака адпаведна.
Фактараў, якія садзейнічалі чарговаму кроку наперад, можна назваць некалькі. Будучае малако бярэ свой пачатак яшчэ на сенажаці і кукурузных палетках. У агульным у час “зялёнага жніва” мехатрадам было назапашана 775 тон сена, 12.815 — сенажу, 20.797 — сіласу. Цяжкасцей сустрэлася нямала: з-за засушлівага надвор’я даводзілася перасяваць участкі аднагадовых траў, не атрымалася за-класці запланаваныя аб’ёмы зялёнай масы. І хоць па валавым паказчыку да пазалеташняга крыху не дацягнулі, аднак апраўдала чаканні якасць: усе кармы былі вышэйшага класу.
Зразумела, пры якасным рацыёне атрымліваецца і добрае малако — асноўная крыніца прыбытку. Крыху разлікаў. Рознасць паміж фізічнай і заліковай вагой сыравіны, здадзенай малочнаму перапрацоў-шчыку, летась склала 191 тону — пераводзячы на грошы, дадаткова атрымана выручкі за кошт тлустасці малака 858 мільёнаў рублёў, утрымання бялку звыш нарматыву — 287. У выніку плюс за кошт якасці выліўся ў 1 мільярд 145 мільёнаў рублёў. Сярэдні кошт рэалізаванага малака склаў 4.385 рублёў з улікам надбавак, тады як без дадатковай аплаты яно б каштавала 4.022 рублі. Згадзіцеся, што розніца адчувальная, калі размова ідзе аб дзясятках тон штодня.
Яшчэ лепш справы ідуць сёлета: за студзень вытворчасць малака вырасла да 131%, у лютым паказчык трымаўся каля 140. Толькі за першы месяц года гаспадарка зарабіла на яго рэалізацыі 4,6 мільярда рублёў — на 1,6 млрд больш, чым летась. Тлустасць малака адпавядала 4%, класам “экстра” здадзена 52%. Кожны дзень зараз прыносіць гаспадарцы за рэалізацыю “белага золата” каля 150 мільёнаў рублёў.
Спрыяла павелічэнню малочнага валу і своечасовае асемяненне кароў. Ужо не адзін год тэхнік-асемянатар Віктар Мацвеенка ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва: вядомы спецыяліст забяспечыў атрыманне 112 цялят на 100 кароў і цялушак.
Выніковым аказалася наладжванне рэгулярнага дасканалага кантролю за работай ферм: штомесяц робіцца падрабязны аналіз, выяўляюцца слабыя месцы, разам шукаюцца шляхі выпраўлення хібаў. Існуе і гнуткая сістэма заахвочвання кіраўнікоў аб’ектаў жывёлагадоўлі. МТФ не спаборнічаюць паміж сабою, а галоўны прадмет параўнання — свае ж уласныя вынікі. І гэта, як паказала практыка, найбольш эфектыўна.
У любым поспеху важнае значэнне мае чалавечы фактар — і філіял заўсёды славіўся сваімі аператарамі машыннага даення. Напрыклад, Сняжана Жуковіч надаіла за год 394.299 кілаграмаў малака — па 8.389 кг ад каровы, прыплюсаваўшы да раней устаноўленага рэкорда 1.604(!) кілаграмы. Зараз гэтай руплівай працаўніцы даручана кіраваць фермай у Свіслачы. Сярэднегадавы надой у 8.018 кілаграмаў на рахунку даяра Аляксея Біцюна — ён у чарговы раз даказаў, што мужчыны з такой справай спраўляюцца ніколькі не горш за жанчын. 7.775 кг — вынік Наталлі Грышановіч, 7.144 — Алены Рыжковіч. І гэта далёка не ўсе з тых, на каго можна і трэба раўняцца!