“Таварышы афіцэры, прапаршчыкі, салдаты, сяржанты, паважаныя ветэраны Узброеных Сіл…” — менавіта такімі словамі пачалося ў панядзелак святочнае ўрачыстае мерапрыемства для ваеннаслужачых Асіповіцкага гарнізона, іх сямей і паважаных ветэранаў з нагоды Дня абаронцаў Айчыны.
Першым слова ўзяў начальнік гарнізона, камандзір 51 артбрыгады гвардзіі палкоўнік Андрэй Жыдовіч. Які адзначыў, што вайскоўцы захоўваюць арганізаванасць і баяздольнасць, сумленна выконваюць воінскі абавязак і на высокім узроўні паказваюць свае магчымасці на розных вучэннях. Следам да ўсіх прысутных з прывітальным словам звярнуўся старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, які ўзнагародзіў шэраг афіцэраў гарнізона Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі. Павіншавалі ваеннаслужачых таксама старшыня райсавета ветэранаў палкоўнік у адстаўцы Міхаіл Слесарэнка, настаяцель Крыжа-Уздзвіжанскага храма айцец Аляксандр.
«Прашу ўсіх устаць. Пад Сцяг — смірна!» — і з залы выносяць баявыя сцягі, зноў гучыць Дзяржаўны гімн. Урачысты сход завершаны, але свята працягнулася: перад гледачамі выступілі спевакі і танцоры з розных творчых калектываў раёна.
***
Назаўтра мужчын віншавалі ў клубе чыгуначнікаў, дзе райкам БРСМ правёў традыцыйны ваенна-спартыўны конкурс “Да абароны Айчыны гатовы!”. Удзел у ім прынялі ваенна-служачыя 336 рэабр і 51 абр, а таксама хлопцы з гарадскіх школ. Маладым людзям трэба было на хуткасць разабраць і сабраць аўтамат і надзець касцюм хімабароны. Прадэманстравалі дзеючыя і будучыя абаронцы і веданне ваенных знакаў адрознення, майстэрства ў выпуску баявых лісткоў, прысвечаных Дню абаронцаў Айчыны. А пакуль суддзі падводзілі вынікі, прысутных забаўлялі дзяўчаты з танцавальнага калектыву “Капрыз” і радавы 336 рэабр Аляксей Машкоўскі, які здзівіў усіх імправізацыяй з фокусамі.
Пераможцамі сталі вучні СШ № 2, следам за імі апынуліся ваеннаслужачыя в/ч 12147, а зачынілі тройку лідараў прадстаўнікі в/ч 12180. Асабіста ўзнагародзілі Віталія Доўнара (каледж) і Андрэя Лахаўца (СШ №2), якія паказалі лепшыя вынікі ў конкурсах на хуткасць, а ад саюза моладзі ўсе ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы.
Марыя ТАЛЕЙКА.