Курсант другога курса Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Мікалай Ляшчук прыйшоў у рэдакцыю “АК”, каб расказаць, як вырашыў стаць ваенным і пра тое, як жывуць курсанты.
— На выбар прафесіі паўплывала сустрэча нас, адзінаццацікласнікаў, з прадстаўнікамі Ваеннай акадэміі, якія расказвалі пра факультэты: агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, авіяцыйны, унутраных войскаў, дзе рыхтуюць прафесіяналаў-ваенных. Распавялі афіцэры і аб умовах вучобы і жыцця ў казармах. Параіўшыся з бацькамі, і прыняў рашэнне: буду вайскоўцам. Звярнуўся ў ваенкамат за падрабязнай інфармацыяй — і стаў рыхтавацца да паступлення.
— І вось ты — курсант. З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца на шляху да афіцэрскіх пагонаў?
— Прайшоў некалькі медкамісій, тэсты на прафпрыдатнасць. Выпрабаванні вытрымаў паспяхова і ў ліпені даведаўся, што залічаны ў акадэмію. У жніўні пачаўся курс маладога байца, пасля прыняцця прысягі — заняткі па ваенных дысцыплінах. Строгая дысцыпліна не дае расслабляцца і прымушае быць арганізаваным.
— І якія прывілеі маюць курсанты?
— Знаходзімся на поўным дзяржаўным забеспячэнні, атрымліваем стыпендыю, перад летнім адпачынкам выдаюць адпускныя. І галоўнае — вышэйшыя ваенна-навучальныя ўстановы рыхтуюць кадры толькі на бясплатнай аснове, а ўсе выпускнікі працаўладкоўваюцца з прадастаўленнем жылля або аплатай за яго паднаём.
— Як праводзіце час пасля заняткаў?
— На нашым факультэце праводзіцца шмат мерапрыемстваў, у выхадныя ходзім у звальненне, бываем у цырку, тэатры, выставах. Плюс — на базе акадэміі вельмі добрая бібліятэка.
— Што б параіў хлопцам, якія яшчэ стаяць перад выбарам прафесіі?
— Паглядзець на сайце Ваеннай акадэміі відэаролікі пра нашы будні, пачытаць інфармацыю. Магчыма, каму-небудзь гэта дапаможа правільна вызначыцца з будучым шляхам. І без прамаруджання перагледзьце сваё стаўленне да вучобы: каб стаць курсантам, яно павінна быць адказным, сур’ёзным, сістэматычным. Вучыцца ў нас вельмі цікава, таму калі табе ад 17 да 21 года, калі марыш аб ваеннай прафесіі, да 1 сакавіка звяртайся ў ваенкамат па месцы жыхарства для атрымання поўнай інфармацыі. Яе можна атрымаць у працоўныя дні ў кабінеце № 2 ваеннага камісарыята або па тэлефоне 24-5-57.
— А якія мэты ставіць перад сабой курсант Ляшчук?
— Годна працягваць вучобу і — як любы салдат — стаць генералам.