У лістападзе “раёнка” пісала аб планах ВУП “Малочны полюс” на бягучы год (гл. “АК” ад 13.11.2015), а днямі пабывалі на прадпрыемстве, каб пацікавіцца, як рэалізуецца намечанае. I, ведаючы дакладную работу малочнага перапрацоўшчыка, ніколькі не здзівіліся, што першы этап ужо пройдзены: напрыканцы снежня было апрабавана новае абсталяванне для першапачатковай апрацоўкі малака вядомай еўрапейскай кампаніі “Tetra Pak”, якое дазваляе ўкараняць перадавыя тэхналогіі ў вобласці бяспекі прадуктаў харчавання, вытворчасці, экалагічнай эфектыўнасці.
Размясцілася новае начынне на ўчастку па вырабе масла і тварагу, стаўшы арганічнай яго часткай. I гэта — чарговы крок у справе павышэння якасці прадукцыі. Раней малако апрацоўвалася з дапамогай сепаратара і пастарызатара. Зараз сыравіна праходзіць больш складаны шлях: сепаратар (раздзяляе малако на фракцыі), бактафуга (выдаляе споравыя мікраарганізмы і бактэрыі з малака), дэаэратар (ачышчае ад пабочных пахаў), пры неабходнасці — гамагенізатар (змешвае і робіць аднароднай нармалізаваную сумесь), пастэрызацыённая ўстаноўка (тэрмічная апрацоўка малака). Ёсць і прыстасаванне, якое дазваляе атрымліваць сумесь патрабуемай тлустасці, што, у сваю чаргу, таксама дае дадатковыя магчымасці. Вяршкі, выдзеленыя з малака, ідуць на выраб сметанковага масла, абястлушчанае малако — на перапрацоўку ў сухое. Абслугоўвае ўсю сістэму ўсяго адзін чалавек — апаратчык пастэрызацыі.
Магутнасць абсталявання — 30 тон сыравіны ў гадзіну. Тэхніка высока-прадукцыйная, таму найбольш мэтазгодна яе выкарыстоўваць пры вялікіх аб’ёмах малака. Зразумела, асаблівыя спадзяванні ў камбіната на летні перыяд, калі малочны вал у сельгаспрадпрыемствах звычайна дасягае сваіх найвышэйшых планак.
Мясцовыя спажыўцы заўважылі, што з лютага на паліцах гандлёвых кропак сярод лінейкі малака холдынга “Бабушкина крынка” няма менавіта асіповіцкага. Гэта звязана з тым, што зараз на “Малочным полюсе” адбываецца дэмантаж цэльнамалочнага цэха, замест якога будзе ўстаноўлена найсучаснейшая лінія па вырабе глазураваных сыркоў — канвеер разлічаны на 10 тысяч штук у гадзіну. Гэты прадукт ужо даўно заваяваў прызнанне не толькі землякоў, але і спажыўцоў з усёй Беларусі, суседніх краін. Мадэрнізацыя прадпрыемства працягваецца!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.
Сейчас ( на 31 марта 2016 года) — в магазинах города Могилевское молоко, вместо нашего свежего имеем начавшее закисать уже в магазине «питье». Конечно очень жаль, что так случилось. Что за 300 километров возят к нам что-то похожее на молочно-кислую воду.