Кожны куток нашай краіны мае сваю самабытнасць і непаўторнасць, таму надзвычай важна не страціць перадаваемыя з пакалення ў пакаленне звычаі і традыцыі, захаваць моўныя, фальклорныя, этнаграфічныя і іншыя асаблівасці. Многае для гэтага робіцца навукоўцамі, настаўнікамі, работнікамі культуры, аматарамі-краязнаўцамі. Адна з форм такой руплівай працы — стварэнне этнаграфічных экспазіцый у школах, садках, музеях, Дамах культуры, прыватных сядзібах. На Асіповіччыне ў многіх сабраны розныя экспанаты, якія шмат чаго могуць расказаць. У тым ліку — чым займаліся нашы продкі, якімі прадметамі побыту карысталіся, у што верылі.
Прапануем нашым чытачам адправіцца ў завочнае падарожжа па родным краі і наведаць мясціны, дзе цікавяцца сваёй гісторыяй, выхоўваюць беражлівыя адносіны да мінулага, каб, як сказаў паэт Рыгор Барадулін, «І не страціць святое штосьці».
СШ № 3. Этнаграфічны музей на базе школы пачаў стварацца ў 1992 годзе. Зараз у ім звыш сотні экспанатаў. Нязменная гаспадыня кутка скарбаў — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Клаўдзія Жаўрыд. Музей уяўляе сабой сялянскую хатку з прадметамі побыту, зробленымі з дрэва, гліны, тканіны. Тут можна патрымаць у руках старадаўнія прас ці ліхтар, апрануцца ў колішнія строі, пакруціць кола калаўрота, папрасці кудзелю…
Ніна ВIКТОРЧЫК. Фота Ніны ЦАРЫК.