Мінулыя выхадныя сталі сапраўдным спартыўным святам для ўсіх аматараў тайландскага боксу. Адкрытае першынство краіны па Muay Thai-2016 сустракала ўсіх жадаючых у асіповіцкім фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва”.
Урачыста стартаваў чэмпіянат у пятніцу ў 15 гадзін. Павітаць удзельнікаў і пажадаць ім поспехаў у барацьбе завітаў старшыня Беларускай федэрацыі кікбоксінгу і тайландскага боксу, намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Юрый Караеў. Ён адзначыў, што Асіповічы — адзін з тых гарадоў, дзе вырасла нямала чэмпіёнаў і прызёраў па муай-тай, і яму прыемна адкрываць першынство менавіта тут. А яшчэ старшыня заўважыў, што спорт на вялікім рэкламным бігбордзе амаль на ўездзе ў горад увасабляе менавіта тай-баец. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік выказаў меркаванне, што мерапрыемства такого ўзроўню — адказная справа для горада. Але гэта і ўзнагарода для тых, хто стаіць ля вытокаў тайландскага боксу ў Асіповічах. Менавіта намаганнямі спартшколы і клуба “Golden Victory” атрымоўваецца выхоўваць спартсменаў, якія бліскуча выступаюць на турнірах рознага ўзроўню.
Прыняць удзел у спаборніцтвах вырашылі больш за 230 тай-баксёраў з розных куткоў Беларусі, а таксама каманда з Санкт-Пецярбурга. Асіповічы ж прадстаўлялі 17 спартсменаў, якіх трэніруюць Сяргей Гідулян і Эдуард Міховіч. Узрост удзельнікаў — ад 8 да 15 гадоў. У рамках першынства правялі і яшчэ два мерапрыемствы: рэспубліканскі турнір сярод спарстменаў 8-9 гадоў і адбор на чэмпіянат свету для тых, каму 14-15.
Узважванне і жараб’ёўка прайшлі яшчэ да адкрыцця, таму адразу пасля ўрачыстага шэсця перайшлі непасрэдна да спаборніцтваў. Прыемна, што першымі на татамі выйшлі менавіта асіповіцкія спартсмены — Іван Турбецкі і Мікіта Цвірко, якія змагаліся паміж сабой. Далей папярэднія баі пайшлі па загадзя састаўленым раскладзе. 6 лютага — у Сусветны дзень Muay Thai — правялі паўфіналы, а ўжо ў нядзелю — фіналы і ўзнагароды пераможцаў.
Асіпаўчане пастараліся на славу: бронзавыя медалі заваявалі Ангеліна Якубоўская, Ягор Кандоба, Цімур Лазутка і Мікіта Цвірко (узрост — 8-9 гадоў), “срэбра” — Назар Сакалоў, Яраслаў Трухановіч (8-9), Уладзіслаў Дзінгалёў, Ягор Аўсянікаў і Данііл Волкаў (10-11). І, нарэшце, чэмпіёнамі сталі Павел Альшанік, Цімафей Абрамчык, Максім Валадковіч (8-9) і Ян Абрамчык (14-15).
Дарэчы, тайскі бокс уключаны ў праграму Алімпіяды-2016 у Бразіліі. Пакуль — толькі ў выглядзе паказальных выступленняў спартсменаў. Спадзяёмся, маюць шанц апынуцца там і асіпаўчане.
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота Ніны ЦАРЫК.