«I не страціць святое штосьці»
Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова.
(З.Бядуля)
У нядзелю сусветная грамадскасць адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята — нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той адзінай, якую завём матчынай, на якой думаем і вымавілі першае слова, на якой размаўлялі нашы продкі.
У многіх установах і арганізацыях зараз праводзяцца розныя мерапрыемствы дзеля папулярызацыі мовы бацькоў і дзядоў. Не выключэнне і школы, дзе праходзяць класныя гадзіны, вечарыны, сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, тэатралізаваныя імпрэзы. У ліку тых, хто з года ў год займаецца такой важкай справай, і настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Ялізаўскай СШ Галіна Быкава.
— Родны край, родная зямля, родная мова — гэта тое невычэрпнае багацце, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, — гаворыць Галіна Вячаславаўна. — Стараюся выхоўваць у вучняў пачуццё гонару, павагі, любові да беларускай нацыянальнай культуры пастаянна і ў паўсядзённым жыцці. Прыемна, што сярод былых і цяперашніх выхаванцаў ёсць аднадумцы. Адзін з іх — цяперашні выпускнік Павел Бушкоў. Хлопец не толькі добра валодае роднай мовай, але і актыўна займаецца больш глыбокім яе вывучэннем. Некалькі гадоў запар — паспяховы ўдзельнік рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Вось і сёлета з абласнога этапу вярнуўся дадому з Дыпломам II ступені — зараз актыўна рыхтуемся да выступлення “на рэспубліцы”. А яшчэ, дарэчы, малады чалавек піша вершы па-беларуску, прымае ўдзел у розных творчых конкурсах, праводзімых часопісам “Роднае слова”, неаднаразова станавіўся іх лаўрэатам.
— Гаварыць, пісаць і думаць на роднай мове — жыццёвая пазіцыя, — кажа Павел. — I людзі чуюць, што яна паўнавартасная, як і любая іншая, годная да ўжытку, ніякая не «драўляная», можа гучаць свабодна і разняволена, калі сагрэта жывым дыханнем, надзелена ўсім багаццем інтанацый, разнастайнасцю рытмаў і тэмпаў. Удзячны настаўніцы, якая валодае вялікім слоўнікавым запасам, заўсёды паказвае ўзорны ўзровень культуры мовы. Гэта немагчыма без пастаяннага ўдасканалення і зносін са слоўнікамі, падручнікамі, дапаможнікамі, лепшымі ўзорамі прыгожага пісьменства — тое ж намагаюся рабіць сам. I ўсё мне гэта дастаўляе толькі радасць і задавальненне.
Ніна ВIКТОРЧЫК. Фота Вольгі ЮШКЕВIЧ.