Ну — вось і ўсё: шампанска-петардныя стрэлы ззаду, талеркі з традыцыйным аліўе спустошаны, цёплыя словы-пажаданні прагучалі — Год Авечкі перадаў эстафету Году Малпы…
Якім застанецца ён для нас у памяці? У кожнага — свае ўражанні. Адны знайшлі ўрэшце любую палавінку, другія і сёння яшчэ не адышлі ад такога цуду, як з’яўленне на свет немаўляці, трэція ажыццявілі мару і паступілі ў інстытут ці змянілі месца працы, хтосьці з задавальненнем узгадвае цудоўны час на беразе мора, нехта праводзіў у апошні час блізкага чалавека…
Гэта — жыццё, так было, так ёсць, так будзе.
Якія асноўныя рэдакцыйныя вехі-2015? Найперш — па-ранейшаму даволі цвёрда трымаемся на нагах у фінансава-гаспадарчай дзейнасці: як выйшлі ў жніўні 2008 года на самаакупнасць, так і працягваем “карміць” сябе самі. Прычым, трымаючы марку і ў творчым плане: у ХI Нацыянальным конкурсе “Залатая Ліцера” за праект “Вайна: 70 фотаімгненняў” у намінацыі “Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, шматтыражных друкаваных СМI” сталі лаўрэатамі Гран-пры; за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, культурнага дыялогу ў краіне і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой удастоены яшчэ адным Дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, а за лепшае асвятленне пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, патрыятычнага выхавання насельніцтва — Дыпломам I ступені Міністэрстваў інфармацыі і абароны; рэдактар аддзела эканомікі Дзмітрый Саўрыцкі прызнаны пераможцам у абласным спаборніцтве журналістаў і г.д.
Гэта, канечне, прыемна, але не ў правілах “Асіповіцкага краю” жыць учарашнім днём, заспакойвацца дасягнутым. А таму наперадзе карпатлівая штодзённая работа з канкрэтна азначанай і зразумелай мэтай: каб за яе не было сорамна. I хаця ў “рэдакцыйным партфелі” задумак хапае, адну “таямніцу” раскрыем: чалавек — вось стрыжань, вакол якога і будзе будавацца ўся творчая работа журналістаў, людзі — наша самае галоўнае багацце.
Без малога 6 тысячам землякам нясуць зараз паштавікі “раёнку” — вялікі дзякуй усім, хто і цяпер разам з намі, не здрадзіў сваёй газеце! Пастараемся не расчараваць вас і ў Год культуры.
Сёлетнім летам “Асіповіцкі край” адзначыць сваё 85-годдзе — і ўвесь гэты час мы робім газету разам з вамі. Робім сёння — будзем рабіць і заўтра, падсілкоўвайце нас цікавымі прапановамі!
Яшчэ раз з Новым годам і Калядамі ўсіх, паважаныя чытачы, падпісчыкі, аўтары. Толькі дабра вам, толькі аптымізму. I — заставайцеся з намі!
Віталь КУЛАКОЎ, галоўны рэдактар “АК”.