Юбілей Перамогі, выбары Прэзідэнта і Год моладзі — гэта ўжо ў мінулым, а якім будзе Год культуры для маладых людзей? На што арыентавацца і да чаго рыхтавацца? Слова першаму сакратару райкама БРСМ Ганне ДЗЕМIДОК.
Учора
— Год моладзі быў дастаткова актыўны. Напрыканцы прынялі ў свае рады значную колькасць юнакоў і дзяўчат. Хоць атрымалася не ўсё з запланаванага, але шмат чаго і паспелі зрабіць. Самымі значнымі аказаліся мера-прыемствы, прысвечаныя святкаванню 70-годдзя Вялікай Перамогі і выбарам Кіраўніка краіны. Таксама правялі шэраг усім знаёмых акцый накшталт “5 бульбін”, дзень прызыўніка, сустрэчы з маладымі спецыялістамі. На жаль, не адбыўся конкурс “Аўталэдзі”, але абяцаем выправіцца.
Дастаткова цікавымі аказаліся дэбаты на розныя тэмы, добра ўспрыняла моладзь і фотаконкурсы ў інтэрнэце. З задавальненнем асіпаўчане адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у велакросе. Вялікі ажыятаж выклікала праведзеная ўпершыню акцыя “Першая 10”: школьнікі з гонарам дэманстравалі дзённікі з вышэйшымі адзнакамі па даволі сур’ёзных дысцыплінах. Магчыма, большасць гэтых мерапрыемстваў таксама стануць традыцыйнымі.
Натуральна, удзельнічалі не толькі ў раённых, але і абласных, і рэспубліканскіх сустрэчах. Карацей, папрацавалі плённа.
Сёння
— Па статыстычных дадзеных, зараз у раёне налічваецца 8.454 маладыя чалавекі ва ўзросце ад 14 да 31 года, з іх 1.776 — крыху больш за 20% — з’яўляюцца членамі саюза моладзі. Зразумела, на кожнага не можам звярнуць персанальную ўвагу, але заўсёды да гэтага імкнемся.
Радуе, калі маладыя людзі самі праяўляюць ініцыятыву, з энтузіязмам удзельнічаюць у рознабаковых мерапрыемствах або прапаноўваюць нешта сваё. Цікавых ідэй шмат, але трэба не толькі пра іх гаварыць, а яшчэ і рэалізоўваць. Апошняе магчыма ў большай ступені толькі пры наяўнасці жадання. Хоць з цягам часу яно ў моладзі і з’яўляецца, але не ў тых маштабах, як магло б быць — гаджэты і інтэрнэт пакуль што перамагаюць актыўны адпачынак і рэальныя зносіны. Спадзяюся, што гэта часовая з’ява.
Некаторыя кажуць: “Вашай працы не бачна”. Але калі пачынаеш высвятляць абставіны, аказваецца, што мерапрыемствы яны не наведваюць, раённую газету не чытаюць, у групы БРСМ у сацыяльных сетках і на сайт “АК” не зазіраюць — увогуле нічым не цікавяцца. Даражэнькія мае, а як жа вы хочаце разглядзець нашу працу? Давайце лепш сябраваць — наш саюз заўсёды гатовы падтрымаць слушныя прапановы.
Адметна, што сёння вялікая ўвага надаецца падтрымцы і развіццю інавацыйнай і навуковай дзейнасці моладзі — вазьміце хаця б вядомы конкурс “100 ідэй для Беларусі”. Модна стала арганізоўваць і так званыя стартапы, праводзяцца конкурсы для маладых прадпрымальнікаў. Дарэчы, у апошнім плануем прыняць удзел. Таму, калі ў маладых людзей ёсць рэальныя навуковыя або бізнес-ідэі – заўсёды можна паспрабаваць.
Зразумела, звычайна дзейнічаем не ў адзіночку, а разам з іншымі ўстановамі і арганізацыямі раёна: аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РАУС, РАНС, АУСТ, ФСК “Алімпія”, мясцовыя вайсковыя часці, прафтэхкаледж, прафсаюзы, прадпрымальнікі і г.д. I верыцца, што шэраг кампаньёнаў будзе толькі пашырацца.
Заўтра
— Зразумела, застануцца традыцыйныя мерапрыемствы і акцыі як для школьнікаў, так і для працоўнай моладзі: шэраг падзей пад агульнай назвай “Кветкі Вялікай Перамогі”, спаборніцтвы “Да абароны Айчыны гатовы”, акцыя “Валянцінка” майму куміру”, конкурсы маладых сямей “Уладар сяла” і дзяўчын за рулём “Аўталэдзі”, свята рока і байкераў Беларусі і замежжа “РокаМотаПік-нік”, мерапрыемствы, прысвечаныя Дням матулі, пажылых людзей, інвалідаў і іншыя. Не за-станецца ўбаку моладзь і падчас правядзення выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — вопыт ужо маецца. Працягне сваю работу і маладзёжны парламент пры райсавеце дэпутатаў, што быў створаны ў мінулым годзе. Спадзяюся, атрымаецца правесці і варкаут-фестываль, хоць адзін з галоўных арганізатараў і служыць зараз у арміі.
З бліжэйшых мера-прыемстваў — усебеларуская акцыя “За любімую Беларусь”, падвядзенне вынікаў конкурсу сярод маладзёжных “пярвічак”. Таксама скора правядзём Дзень снегу.
Увогуле Год культуры абяцае быць не менш насычаным, чым Год моладзі, у нас па-ранейшаму актыўныя і пазітыўныя маладыя людзі, якія могуць “заразіць” сваім энтузіязмам і іншых. Будзем старацца, далучайцеся!
Марыя ТАЛЕЙКА.