Сёння ў магазінах і на рынках можна сустрэць вялікую колькасць ёлачных цацак, календароў і гірлянд вытворчасці Кітая, Расіі, Украіны. А чым упрыгожвалі лясных прыгажунь нашы бацькі і бабулі-дзядулі? Не ў кожнага дома засталіся цікавыя шкляныя шары і фігуркі Дзедаў Марозаў і Снягурак з ваты, дрэва, пластмасы, але ў некаторых сем’ях рарытэтныя атрыбуты ўсё ж беражна захоўваюць і нават аздабляюць ёлкі любімымі цацкамі з дзя-цінства. Вось і “раёнка” паспрабавала стварыць на газетнай паласе своеасаблівы музей з добра вядомых старэйшаму пакаленню ўпрыгожванняў.
Экспанат № 1: Дзед Мароз з дрэва. Напэўна, ім цешыліся яшчэ ў першай палове мінулага стагоддзя.
Экспанат № 2: фігуркі цыркачоў. Іх сталі вырабляць пасля выхаду эпахальнага фільма “Цырк” з Любоўю Арловай.
Экспанат № 3: будзільнікі. “Я вам песенку спою про 5 минут” — пасля з’яўлення на экраны “Карнавальнай ночы” яны адразу сталі папулярнымі.
Экспанат № 4: кукуруза. Эпоха праўлення Мікіты Хрушчова прынесла новую моду: на ёлках з’явілася «царыца палёў» і іншая садавіна-гародніна.
Экспанат № 5: касмічныя цацкі. У 1961 годзе паляцеў у космас Юрый Гагарын — вось і павіслі на ёлках касманаўты, ракеты, зоркі і месяц, да іх у кампанію Белка і Стрэлка.
Экспанат № 6: пластмасавыя Дзед Мароз і Снягурка. Бум на іх распачаўся ў 70-я гады. Пад ёлкай у большасці савецкіх сямей стаялі Дзяды Марозы, іншы раз у кампаніі са Снягуркамі — называліся не ёлачнымі, а «падстаўнымі». Былі і ватныя, і з пап’е-машэ. Пазней іх сталі рабіць з гумы ці пластыку. Прастору вакол ёлкі выкладвалі ватай — які Дзед Мароз без снегу?
Экспанат № 7: пяцікутная зорка. Як праві-ла — чырвоная і важкая, іншыя варыянты нават не абмяркоўваліся. Яна была шкляная, пазней пластыкавая ці зборная, сабраная са шкляных трубачак ці шарыкаў. З іх жа збіраліся гірлянды-бусы. Ёлачныя вярхушкі ў выглядзе шпіляў, пікаў пачалі з’яўляцца ў 60-я гады, але яны так і не выцеснілі зорак. Цікава, што першыя вярхушкі-пікі былі ідэалагічна вытрыманы — бы сімвалізавалі серабрыстыя ракеты на старце.
Экспанат № 8: казачныя героі. Гэтыя серыі можна разглядаць бясконца. Цацкі былі скульптурна-рэалістычнымі і распісваліся ўручную. Ад Калабка да Хатабыча, ад Залатой рыбкі да Кракадзіла Гены — пры жаданні на ёлцы можна размясціць сапраўдны «збор сачыненняў».
Экспанат № 9: электрычныя гірлянды. Рознакаляровыя агеньчыкі пачалі загарацца ў мінулым стагоддзі, а ўпершыню ёлачныя ліхтарыкі засвяціліся ў Амерыцы ў 1895 годзе.
Экспанат № 10. Цацкі на прышчэпках. Часцей размяшчалі на ніжніх галінках ёлкі. У асноўным гэта былі грыбы, фігуркі людзей і жывёл, іншыя «стромкія» аб’екты. Яны зручна чапляліся на ёлку.
Падрыхтавала Ніна ВІКТОРЧЫК.