Далёка не кожны можа сказаць, што яднае сярэднія школы № 38 абласнога цэнтра, № 20 г. Бабруйска, быхаўскую № 1 і нашу гімназію. Не ведала гэтага і “раёнка”, пакуль не пабывала на мінулым тыдні на панараме вопыту “Эфектыўныя шляхі і сродкі забеспячэння інтэграцыі фізікі і матэматыкі ў 7-9 класах у рамках арганізацыі міжпрадметных факультатываў”. Аказваецца, менавіта гэтыя ўстановы адукацыі Магілёўшчыны вось ужо трэці год удзельнічаюць у агульным інавацыйным праекце.
Як падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Алена Трусевіч, дзе і праходзіла мерапрыемства, зараз у адукацыі існуе праблема разрозненасці ў выкладанні дысцыплін, інфармацыйнай перагрузкі вучняў, зніжэння матывацыі да вывучэння фізікі і матэматыкі. Нярэдка мае месца неразуменне вучнямі неабходнасці асваення апошняга прадмета з-за абстрактнасці матэматычных паняццяў і законаў. Няўменне рашыць фізічную задачу часта звязана з недастаткова сфарміраванымі навыкамі прымянення ўжо існуючых матэматычных ведаў. Iнтэграванае ж выкладанне якраз і забяспечвае фарміраванне такіх навыкаў.
Практычнае прымяненне матэматычных ведаў у рэальнасці дэманструе міжпрадметны факультатыў па фізіцы і матэматыцы. На такія заняткі ў гімназіі залічана 30 вучняў 7-9 класаў з улікам іх індывідуальных запытаў, патрэбнасцей, магчымасцей і здольнасцей.
Рэалізацыя міжпрадметнай інтэграцыі прадугледжвае і павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў шляхам выкарыстання навуковых падыходаў у працэсе пазнавальнай дзейнасці, укаранення сучасных навучальных тэхналогій і інтэрактыўных форм і метадаў работы. У бягучым навучальным годзе ў гімназіі працягнута работа па стварэнні электроннага банка вучэбна-метадычных і дыдактычных матэрыялаў пры правя-дзенні факультатыва па матэматыцы і фізіцы. Настаўнікі гэтых прадметаў аб’ядналіся ў творчую групу, пасяджэнні праводзяцца два разы на месяц. Паказчыкам эфектыўнасці такой работы ў пэўнай ступені стаў у тым ліку і надрукаваны педагогамі Святланай Дораш і Антанінай Тумашык артыкул у зборніку матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Iнавацыі ў сучаснай адукацыі: вопыт і перспектывы”.
Хаця праект яшчэ не завершаны, ужо зараз можна гаварыць аб некаторых выніках: гэта новыя магчымасці для павышэння матывацыі ў вывучэнні фізікі і матэматыкі, фарміраванне інтэграваных ведаў у вучняў і іх асобаснае развіццё. Праводзімая дыягностыка сведчыць, што ўзровень пазнавальнай актыўнасці школьнікаў па фізіцы і матэматыцы, як правіла, павышаецца ў параўнанні з пачаткам навучальнага года. Хаця, неабходнасць у пабуджэнні і стымуляванні дзяцей застаецца.
Настаўніцы гімназіі Жанна Молчан і Святлана Дораш (на здымку) падрыхтавалі да сустрэчы з калегамі адкрыты факультатыўны занятак з 8-класнікамі “Вызначэнне электрычнага зараду графічным спосабам”. Адчувалася, што матэрыял выклікае ў дзяцей цікавасць, а два прадметы выдатна спалучаюцца і ўспрымаюцца як адзін.
Агульную рысу панарамы вопыту падвяла метадыст аддзела педагагічных інавацый Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вікторыя Цюко. Яна і падкрэсліла, што менавіта інавацыйная дзейнасць — адна з галоўных умоў і рэсурс развіцця навучальных устаноў. I асіповіцкая гімназія заўсёды гатова, эксперыментуючы, зрабіць крок наперад, стаць на прыступку вышэй.
Валянціна КОРБАЛЬ.
Фота Ніны ЦАРЫК.