У той надвячорак дзверы ў першым пад’ездзе дома № 24 па вуліцы Сацыялістычнай былі ветліва расчынены, на ганку загадзя пачалі гуртавацца жыхары, — спачатку пенсіянеры, пазней падцягваліся тыя, хто скончыў рабочы дзень. Прычыну збору тлумачыла паперка на дзвярах з паведамленнем: адбудзецца сход жыльцоў наконт рамонту пад’езда. Першы раз прадстаўнікі ДУКВП «Райсэрвіс» сустракаліся з жыхарамі ў маі, і вось — другі сход.
Начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Надзею Дарашук сустрэлі пытаннямі-ўшчуваннямі: «Чаму павінны плаціць за рамонт?», «Хто за нас рашае, якія работы будуць выконвацца?» і г.д. На іх прагучалі абгрунтаваныя адказы з нагаданнем, што правядзенне рамонту за сродкі жыхароў не прыдумка мясцовых камунальнікаў, а патрабаванне часу, зафіксаванае ў пастанове Міністэрства ЖКГ.
Пакуль жанчыны выказвалі незадаволенасць, жыхары-мужчыны падышлі да вырашэння пытання з больш канструктыўнага боку: «Рамонт неабходны адназначна, але дазвольце азнаёміцца з каштарысам», «Колькі зацягне ўвесь аб’ём работ? Зараз раздзелім на колькасць кватэр», «А ці нельга заадно прыбраць у шчыткі скруткі правадоў, што вісяць на лесвічнай пляцоўцы?»
Надзея Віктараўна стрымана давала тлумачэнні.
У людзей, якія з экранаў тэлебачання бачаць зашмат негатыву, нярэдка фарміруюцца прадузятыя адносіны да таго, што адбываецца навокал, яны схільныя ва ўсім новым бачыць ашуканства, таму праца з людзьмі — не з лёгкіх. Патрабуюцца цярпенне, прафесіяналізм і добразычлівыя адносіны да ўсіх — няпроста ж растлумачыць, што прыгажосць і камфорт каштуюць грошай…
З удзелам жыльцоў сёлета ўжо адрамантаваны не адзін дзясятак пад’ездаў. У 11 рамонт зроблены цалкам, у астатніх — часткова. Справа ў тым, што на агульным сходзе рашаецца, якія работы будуць праведзены, у некаторых выпадках рамантуюцца толькі ўчасткі, дзе больш папсаваныя сцены, столь ці падлога, часцей гэта датычыць першых-другіх паверхаў, на астатніх робіцца выбарачны рамонт.
Жыхары могуць і самі паднавіць свае лесвічныя пляцоўкі, калі згодныя на гэта. Па такім шляху пайшлі, напрыклад, карыстальнікі некаторых пад’ездаў на вуліцах Сумчанкі, 53, Рабоча-Сялян-скай, 9, Сташкевіча, 34, Кірава, 4. А на Дзяржынскага, 68 у рамонце часткова прымалі ўдзел самі жыхары, астатнія работы вяліся работнікамі «Райсэрвіса». Ніхто не забараняе за-прасіць будаўнікоў іншай арганізацыі, каб правесці неабходныя работы. Словам, розныя варыянты маюць права на існаванне, але без удзелу непасрэдна жыльцоў не абыс-ціся. Таму ўсім трэба быць гатовымі да абмеркавання тэмы фінансавання выкананых работ.
Арганізацыя рамонту праводзіцца па наступнай схеме: камісія “Райсэрвіса” праводзіць агляд, складае дэфектны акт з указаннем відаў і аб’ёмаў рамонтных работ. Рыхтуецца каштарыс. Да пачатку рамонту жыльцам даводзіцца інфармацыя аб тэрмінах правядзення, асноўных відах работ, агульным арыенціровачным кошце і суме, якая неабходная для пакрыцця за-трат з 1 м2 агульнай пло-шчы жылых памяшканняў, што займае спажывец. Праводзіцца сход, на якім вызначаецца пералік і якасць матэрыялаў, узгадняецца колеравае рашэнне, выбіраецца ўпаўнаважаная асоба і прапаноўваецца заключыць дагавор на бягучы рамонт.
Між іншым, самі жыхары часта нядбайна ставяцца да захавання месцаў агульнага карыстання ў прыстойным выгля-дзе. Не паспела, напры-клад, высахнуць фарба ў адным з пад’ездаў дома на Сумчанкі, 49, як ужо вымазалі сцены, падрапалі тынкоўку. I ніхто не задумваўся аб тым, што час-тата рамонтаў залежыць ад адносін да агульнай — па сутнасці, уласнай для кожнага — тэрыторыі.
Згодна з новымі нарматыўнымі дакументамі, план рамонту жылога фонду на наступны год будзе складзены да 1 лютага і размешчаны на сайце ДУКВП «Райсэрвіс». Таму лепш дачасна азнаёміцца са спісам дамоў, якія будуць «абнаўляцца», і, калі ваш трапіць у гэты пералік — падрыхтавацца загадзя. Усе пытанні можна абмеркаваць па тэлефоне 23-7-24.