У канцы тыдня на Асіповіччыне прайшоў раённы суботнік, актыўны ўдзел у якім прынялі як нашы працоўныя калектывы, так і многія жыхары, якія наводзілі чысціню і парадак навокал.
Напрыклад, навучэнцы прафесійна-тэхнічнага каледжа вычышчалі ад імху плот установы адукацыі, работнікі СШ № 1 і спецшколы-інтэрната збіралі смецце на прылеглай лесапаласе, а гімназісты прыбіралі гарадскі парк. Калектыў СШ № 2 наводзіў парадак на могілках і мемарыяльным комплексе па вуліцы Рабоча-Сялянскай, вакол раённай паліклінікі шчыравалі медыкі, а вайскоўцы высякалі хмызняк, расліннасць, касілі сухую траву на замацаваных тэрыторыях. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з працаўнікамі УКП ЖКГ і ДУКВП «Райсэрвіс» знеслі закінутыя гаспадарчыя пабудовы па вуліцы Дзмітрыева, прадстаўнікі БРСМ наводзілі чысціню на гарадскім пляжы і г.д.
З добрым настроем і жартамі працавалі работнікі гаспадарчага аддзела АЗАА. Тэрыторыя, якую належыла ўбраць, была даволі вялікай, але такая акалічнасць не засмучала аўтаагрэгатчыкаў. Сумесная праца, вынікі якой нясуць карысць усім, дастаўляе толькі станоўчыя эмоцыі, лічыць загадчыца аддзела Лізавета Прановіч.
У раённым суботніку ўдзельнічалі практычна ўсе арганізацыі, і работы па добраўпарадкаванні працягваюцца. Памятайце, паважаныя землякі: чысціня горада — у нашых руках!