Бяда адна не ходзіць

0
1

Увагу жыхароў усёй рэспублікі ў нядзелю прыцягнула навіна аб буйной аварыі, якая адбылася на 119-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гомель каля Ясеня: з-за дымавой заслоны ў дарожна-транспартнае здарэнне патрапілі больш за тры дзясяткі машын. За падрабязнасцямі звярнуліся да начальніка дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў Асіповіцкага райвыканкама Дзмітрыя Юркаўца:

— Адбылося здарэнне ў нядзелю раніцай. Першы званок у ДАI паступіў у 6.25. Усяго ж на працягу некалькіх дзясяткаў хвілін сутыкнуліся 33 транспартныя сродкі. Супрацоўнікамі ДАI была перакрыта дарога М5 з 100 па 130 кіламетр, забяспечаны аб’езд праз Ялізава. Два чалавекі пацярпелі і знаходзяцца ў Бабруйскай цэнтральнай раённай бальніцы.

авария трасса

Асноўнай прычынай аварыі былі ўмовы дрэннай бачнасці з-за моцнага задымлення, якое адбылося ў выніку гарэння лесу і тарфянікаў. Але, на маю думку, садзейнічала здарэнню і няўважлівасць саміх вадзіцеляў: неабходна выбіраць хуткасны рэжым у адпаведнасці з умовамі бачнасці, а, вызначыўшы небяспеку, ёсць сэнс і наогул спыніцца. Ужо а восьмай гадзіне бачнасць на дарозе стала нармальнай.

Папрасілі пракаменціраваць сітуацыю і начальніка аддзела лясной гаспадаркі ДДЛГУ “Асіповіцкі вопытны лясгас” Андрэя Пятрова:

— Узгаранне ўсходней пасёлка Татарка ўзнікла яшчэ ў сярэдзіне мінулага тыдня, закранула яно не толькі лес, але і тарфяны масіў — больш за 10 гектараў. Прычына тут відавочная — нядбалыя паводзіны землякоў, якія ходзяць у ягады. А якраз у гэтых мясцінах насельніцтва збірае буякі. Тут нават вогнішча не трэба распальваць, дастаткова незатушанай цыгарэты. Зараз сумеснымі намаганнямі працаўнікоў лясгаса, супрацоўнікаў МНС, тэхнікі з ПМК № 95 “Вадбуд” пажар па контуру спынены. Круглыя суткі тут дзяжураць людзі, каб кантраляваць абстаноўку.

Больш хвалюе на сёння сітуацыя за вёскай Вярхі, дзе на тэрыторыі Асіповіцкага і Цэльскага лясніцтваў сышліся два пажары і зараз займаюць плошчу каля 40 гектараў. Справа ў тым, што пакуль пажар адбываецца на балоцістай мясцовасці, яго нельга цалкам спыніць, туды не можа прайсці тэхніка. З агнём змагаюцца каля сотні чалавек, задзейнічаны 2 верталёты МНС — яны накіроўваюць свае сілы на самыя небяспечныя ўчасткі. Такога маштабнага ўзгарання на тэрыторыі раёна не было з 1992 года. У агульным усё гэта наступствы працяглага, пачынаючы з восені, сухога перыяду.