— Сухая дэмінералізаваная сыроватка — малочная сыроватка, з якой выдалена частка мінеральных соляў. Ад натуральнай адрозніваецца палепшанымі органалептычнымі характарыстыкамі, больш высокім узроўнем растваральнасці і меншай кіслотнасцю, — ужо ў пачатку сустрэчы пазнаёміла з асаблівасцю асвоенай у верасні навінкі інжынер-тэхнолаг вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Малочны полюс” Святлана Грэчная. — Звычайную сухую сыроватку мы выпускалі з падсырнай і раней на вытворчым участку па вырабе сухіх малочных прадуктаў, а новае чэшскае абсталяванне MEGA дазваляе перапрацоўваць метадам электрадыялізу ў тым ліку і тварожную сыроватку, якая больш кіслая, а таму і больш складаная ў “апрыходаванні”, — удакладняе спецыяліст,знакомячы з новым аддзяленнем.
Рознабакова прааналізаваўшы рашэнне мясцовага малочнага перапрацоўшчыка, прыходзіш толькі да аднаго вываду: рацыянальна. Па-першае, не давялося ўзводзіць дадатковых пабудоў: новае адгалінаванне размясцілася на месцы ранейшай аміячнай кампрэсарнай. Крыніца генерацыі холаду зараз тут больш сучасная і бяспечная — фрэонавая, якую ўстанавілі яшчэ з уводам сырнага цэху. Гэта быў крок таксама і насустрач экалагічнасці вытворчасці. На новым жа ўчастку зрабілі належны рамонт, і цяпер аддзяленне электрадыялізу аб’ядноўвае некалькі памяшканняў: асобна ажыццяўляецца прыёмка сыравіны, самая вялікая па плошчы — зала, дзе непасрэдна вырабляецца прадукт, побач устаноўкі для СІП мыцця, ну а “вочы” аддзялення электрадыялізу — аператарская з абсталяваннем, якое дазваляе адначасова сачыць за ўсім працэсам.
Вытворчасць сухой сыроваткі можна назваць комплексным рашэннем і для ўсяго холдынга: у плане на перспектыву ад-крыццё ў Бабруйску тварожнага цэху, значыць, для забеспячэння безадходнай вытворчасці трэба будзе перапрацоўваць і сыроватку. Магутнасці асіповіцкага ўчастка — больш за 100 тон канцэнтраванай сыравіны ў суткі — дазволяць гэта без праблем зрабіць на “Малочным полюсе”.
Сухая дэмінералізаваная сыроватка — дадатковыя магчымасці на рынку збыту. Яе выкарыстоўваюць пры вытворчасці спрэдаў, смятанных прадуктаў, тварагу і тварожных вырабаў, ёгуртаў, марожанага, згушчанага малака, плаўленых сыроў, напіткаў, у мясаперапрацоўцы пры вырабе вараных каўбас, сасісак і г.д. Незаменны гэты інгрыдыент і ў кандытарскай і хлебапякарнай вытворчасці, нават у парфумерыі і фармацэўтыцы.
Акрамя запатрабаванасці прадукта на рынку ў актыў можна запісаць агульнае павышэнне рэнтабельнасці перапрацоўкі сыравіны, зніжэнне да мінімуму экалагічнай рызыкі. Дарэчы, абсталяванне, якое забяспечвае электрадыяліз, пакуль маюць толькі два прадпрыемствы ва ўсёй Беларусі — малочныя камбінаты Верхнядзвінска і Хойнікаў. Асіповічы — трэція.
Да плюсаў адносіцца і тое, што тэхнічныя нова-ўвядзенні не патрабуюць шмат людскіх рэсурсаў: на змене функцыянаванне ўчастка забяспечваюць майстар і аператар. Дарэчы, якраз наладжванне работы электрадыялізных установак стала стартавай пляцоўкай для маладога спецыяліста Анастасіі Яцэвіч (на здымку), якая прыбыла да нас у жніўні па накіраванні пасля заканчэння Магілёўскага дзяржуніверсітэта харчавання.
— Удзячна лёсу, што патрапіла менавіта на “Малочны полюс”, — падзялілася дзяўчына, — гэта якраз увасабленне сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці. Канечне, калі запускалі новае абсталяванне, вельмі хвалявалася: такая адказнасць! Але разам з вопытным спецыя-лістам Святланай Пятроўнай Грэчнай справіліся. Кожную раніцу збіраюся на працу з пазітыўным настроем. Спадзяюся, што так будзе і заўсёды.
…А вы рушыце на работу з задавальненнем? Калі не, магчыма, вашаму прадпрыемству не хапае руху наперад. Значыць, трэба браць станоўчы прыклад!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фото Нины ЦАРИК.