Сімвалічна, што запуск рэканструяванага цэха па вытворчасці мукі пшанічнай вышэйшага і першага гатункаў і жытнёвай хлебапякарнай сеянай, шатраванай на Асіповіцкім вытворчым участку ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” адбыўся напярэдадні свята млынароў Беларусі, якое традыцыйна адзначаецца 25 кастрычніка. Канечне, на працягу вякоў да непазнавальнасці змяніліся і млыны, і млынары, аднак асноўнае прызначэнне аб’екта — вырабляць найгалоўнейшы прадукт — засталося нязменным і ў ХХІ стагоддзі.
Ідэя абнаўлення млына на прадпрыемстве нарадзілася некалькі гадоў назад: менавіта яго ўстаноўка дае ўчастку і камбінату ў цэлым шмат новых магчымасцей. Гэта і пашырэнне асартыменту прадукцыі, бо раней на пэўны час перапрацоўка пшаніцы ў муку была спынена з-за састарэлага абсталявання, і зніжэнне энергазатрат, і аптымізацыя тэхналагічнага працэсу: на змене ў цэху на дзвюх лініях ўсяго 3 работнікі і майстар.
У чацвер на ўрачысты запуск млына прыбылі начальнік Галоўнага ўпраўлення па хлебапрадуктах Мінсельгасхарчу Вадзім Пабядзінскі, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіл Юрчанка, дырэктар ААТ “Бабруйскі КХП” Валерый Сямёнаў, замежныя партнёры прадпрыемства і многія тыя, хто меў непасрэднае дачыненне да праведзенай рэканструкцыі.
Начальнік мукамольнай вытворчасці ўчастка Таццяна Ляліхава падрабязна пазнаёміла прысутных з працэсам, праілюстравала расказ схемай на камп’ютары. Ёй, спецыялісту з 20-гадовым стажам, станоўчыя бакі новага абсталявання бачны асабліва, ёсць з чым параўноўваць. Пшанічная лінія зараз можа перапрацоўваць 80 тон зерня ў суткі, даючы агульны выхад мукі 60 тон: 40 — вышэйшага гатунку, 20 — першага. А магутнасці “жытнёвых жорнаў” яшчэ большыя: 150 тон. Спецыяліст адзначыла зручнасць работы з новым абсталяваннем, яго шматлікія плюсы. Істотна дапаўняў інфармацыю і дырэктар Асіповіцкага вытворчага ўчастка Васіль Пятроўскі.
…Урачыста націскаецца пускавая кнопка, гукавы сігнал абвяшчае аб пачатку работы млына — працэс пайшоў, і літаральна праз хвіліну-другую з’явіўся першы 45-кілаграмовы мех з бялюткай мукою. Дарэчы, у складскім памяшканні на два паверхі на кожным можа змясціцца да 500 тон мукі. Устаноўлены ў цэху і найсучаснейшы апарат для дробнай фасоўкі вытворчасцю 2 тоны мукі ў гадзіну. Фасуецца прадукт у папяровыя пакеты па 1 і 2 кілаграмы.
Старшыня праўлення польскага прадпрыемства-партнёра — Торуньскага завода па вытворчасці абсталявання для млыноў і камбікормавых заводаў “SPOMASZ s.a.”— Януш Хальбедзель у прыватнай гутарцы адзначыў, што цяпер у Асіповічах, на яго думку, адзін з лепшых млыноў у рэспубліцы. Падобныя ёсць у Маладзечне, Віцебску.
Гэты дзень для ААТ “Бабруйскі КХП” стаў адметны і яшчэ адной важнай падзеяй: была падпісана дамова з чэшскай фірмай “BAUER TECHNICS s.r.o.” на будаўніцтва ў Глушы свінагадоўчага комплекса замкнутага цыкла на 54 тысячы галоў адкорму. Пры добрым раскладзе новы аб’ект жывёлагадоўлі будзе даваць у год 7 тысяч тон высакаякаснай свініны. Чэшскія партнёры ўзялі абавязкі не толькі пабудаваць, але і ўстанавіць тэхнічнае начынне — выканаць работу “пад ключ”. Дырэктар КХП Валерый Сямёнаў выказаў упэўненасць, што якасць будоўлі будзе высокай, а супрацоўніцтва — надзейным і плённым. Са свайго боку дырэктар чэшскага прадстаўніцтва ў Беларусі Пётр Мезян адзначыў, што будаўніцтва свінакомплекса — цікавая і важная інвестыцыя. Абодва бакі засталіся задаволеныя прывабнымі перспектывамі.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.