Навіны аб справах на СЗАТ “Шклозавод Ялізава” застаюцца найбольш запатрабаванымі сярод пасялкоўцаў. Iнакш увогуле і быць не можа: асноўны работадаўца Ялізава — бадай адзінае прадпрыемства айчыннай шкларобнай прамысловасці, якое яшчэ неяк трымаецца пад ціскам расійскіх канкурэнтаў.
Што нечакана — ільвіную долю сённяшніх даходаў завод атрымлівае ад экспарту ў… Расійскую Федэрацыю. Зразумела, пра масавыя пастаўкі гаворкі няма: ялізаўскі завод мае настолькі дасканалае абсталяванне, што можа выконваць заказы па выпуску рознага роду эксклюзіўнай прадукцыі. У гэтым таварным сегменце перавагу мае не кошт, а якасць, а па апошнім параметры ялізаўскія вырабы можна лічыць бездакорнымі.
На жаль, атрымліваемых грошай хапае толькі на набыццё сыравіны, выплату заробкаў, падаткаў і частковае — каля 25% ад патрэбнай сумы — абслугоўванне крэдытаў. На разлікі па старых даўгах за газ і электра-энергію, інавацыі і паўнацэннае тэхабслугоўванне вытворчага абсталявання сродкаў няма. Доўга працаваць у рэжыме “пра-ядання” асноўных фондаў немагчыма. Гэта разумеюць усе, таму не трэба здзіўляцца з’яўленню ў пасёлку чутак пра непазбежную эканамічную “смерць” шклозавода.
Аднак выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара “Ялізава” Вадзім Сенкевіч бачыць перспектыву ў куды менш змрочных фарбах. Зразумела, бліжэйшыя два-тры гады для мясцовых шкларобаў будуць вельмі ня-простымі, аднак пра прыпыненне дзейнасці завода, змену ўласнікаў ці распродаж маёмасці гаворкі не можа быць. Тое рашуча пацвердзілі і сход акцыянераў, які адбыўся ў ліпені, і калегія Мінбуд-архітэктуры, што прай-шла на мінулым тыдні. Цалкам праграма дзеянняў па санацыі СЗАТ “Шклозавод Ялізава” не распрацавана — на тое спатрэбіцца яшчэ некалькі тыдняў — аднак асноўныя яе моманты ўжо вядомыя.
Безумоўна, самай складанай праблемай з’яўляецца кошт электраэнергіі і прыроднага газу. Для расіян яны сёння танней адпаведна ў 2 і 3 разы, і без распрацоўкі механізму ўстанаўлення цэнавога парытэту абысціся не атрымаецца.
З ёй звязана наступная па прыярытэтнасці задача — змяншэнне “ціску” банкаўскіх крэдытаў, якія прадпрыемства вымушана было браць раней, каб разлічвацца за энерганосьбіты. Пры існуючых крэдытных стаўках каля 30% сабекошту прадукцыі складаюць выплаты за пазычаныя грошы.
Змяншэнню сабекошту павінны спрыяць таксама аптымізацыя колькасці персаналу прадпрыемства, кансервацыя невыкарыстоўваемай маёмасці, адмаўленне ад ня-профільных актываў — маецца на ўвазе гасцініца, стадыён, ачышчальныя збудаванні і шэраг іншых элементаў невы-творчай інфраструктуры.
Што цікава, пошук шляхоў эканоміі грошай на заводзе вядзецца ў рэжыме “мазгавога штурму”: у ім задзейнічаны ўсе падраздзяленні завода, і кожны работнік можа выказаць свае прапановы.
…Вядома, што крызіс — гэта не толькі новыя цяжкасці, але і новыя магчымасці для паспяховага развіцця. Будзем спадзявацца, што шклозавод “Ялізава” стане чарговым пацвярджэннем гэтага — прынамсі, праверанага часам, — пры- слоўя.