пры гэтых словах перад вачыма ўзнікае знаёмы малюнак з тэленавін: з дзясятак магутных хлопцаў у бронекамізэльках і касках, узброеныя аўтаматамі, магутным ударам выбіваюць металічныя дзверы: усім ляжаць!..
— Ёсць і камізэлькі, і зброя. I дзверы, калі трэба, можам вынесці. Толькі нас не дзесяць, а двое, — адначасова ўсміхаюцца сімпатычныя маладыя людзі ў выпрасаванай форме. Яны — напарнікі, міліцыянеры групы затрымання Асіповіцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ прапаршчыкі Ждановіч і Балтушко. Дарэчы, у хлопцаў не толькі адна на дваіх служба, але і імя — Юрый.
— А калі сур’ёзна, то на кожны атрыманы па радыёсувязі сігнал трывогі адпраўляемся як на баявы, — распавядае Юрый Балтушко. — Пастаянна трэба быць гатовым да любога варыянту развіцця падзей. Памятаю, выехалі на быццам бы звычайную «адміністрацыйку«: жыхары шматпавярхоўкі скардзіліся на шум зверху. Калі ўвайшлі ў кватэру, убачылі траіх п’яных з відавочнымі прыкметамі крымінальнага мінулага, а на падлозе — лужыну крыві. Высветлілася, што тут збілі мужчыну—суседа. Нягледзячы на супраціўленне, удваіх скруцілі ўсіх злачынцаў.
— На самай справе нас у групе затрымання не двое, а трое, — дапаўняе напарніка Юрый Ждановіч. — За дванаццацігадзіннае дзяжурства паступае ў сярэднім дзесяць трывожных сігналаў. Час прыбыцця на аб’ект — да 7 хвілін. У нашай службе імгненне часам вырашае вельмі многае, так што службовы аўтамабіль — таксама частка каманды, і за яго «добрай формай» сочым пастаянна. Як і за сваёй: высокі ўзровень фізпадрыхтоўкі супрацоўнікаў групы часта вызначае паспяховасць затрымання. Таму і стараемся праводзіць як мага больш часу ў спартыўнай зале аддзела, і зноў разам: пры адпрацоўцы прыёмаў барацьбы, рукапашнага бою, самба становімся спарынг-партнёрамі.
На пытанне аб крэда маладыя прапаршчыкі зноў усміхаюцца, і зноў — разам:
Акрамя агульнага імя, звання, месца працы, захаплення спортам у нас і галоўны прынцып адзін на дваіх: закон і парадак. І хай гэта прагучыць некалькі высакамоўна, але менавіта іх выкананне і падтрыманне заўсёды і ўсюды — наша мэта, прычым не толькі прафесійная, але і чалавечая, мужчынская.