Калі кіравацца звесткамі артыкула “З гісторыі населеных пунктаў” і нашай кнігі “Памяць”, то старажытная царква ў в. Ясень была ўжо ў другой палове XVI стагоддзя. Праўда, аўтары не называюць дакумент, дзе знайшлі такія весткі, і не спасылаюцца на тое, што нумары фондаў дакументаў знаходзяцца ў іх асабістых архівах, таму такое меркаванне нельга прымаць за ісціну. Прамыя ж звесткі аб тым, што ў першай палове ХІХ ст. у Ясені існавала царква, дае “Историко-статистическое описание Минской Епархии 1864 г.”. Пры апісанні Галынкаўскай царквы там гаворыцца: “К ней принадлежит Воздвиженская деревянная, въ деревне Ясени, церковъ, построенная прихожанами въ1829 г.”. Пра Ясенскую царкву ўпамінае і “Памятная книжка Минской Епархии на 1881 г.”: “Кресто-Воздвиженская — в д. Ясень, деревянная прочная…”. Больш ранніх ці позніх звестак аб лёсе ўзгаданай царквы адшукаць не ўдалося, і тут папрацаваць навукоўцам з краязнаўцамі ёсць над чым.
Сучасная Пятра і Паўла Ясенская царква размешчана ў паўночна-ўсходняй частцы вёскі, у кіламетры ад дарогі Мінск-Бабруйск на вуліцы Садовай. Узводзілася на працягу 2008-2014 гадоў на сродкі прыхаджан, дабрачынцаў, жыхароў навакольных вёсак.
Асноўная яе частка — пераабсталяваны будынак звычайнага жыллёвага дома з двухсхільным шыферным дахам. Да яго прыбудавана цагляная прытвор-званіца, а драўляныя сцены былога дома аб-кладзены цэглай і атынкаваны. Узводзілася яна не з нуля, таму ўсе каноны царкоўнага дойлідства будаўнікам выканаць не ўдалося. Напрыклад, не вытрымана строгая скіраванасць прытвора на захад, а малітоўні і алтара на ўсход. Асобная алтарная прыбудова адсутнічае. Невялікая галерэя, якая злучае прытвор з нефам, спалучаным з алтаром, знаходзіцца пад адным двухсхільным дахам, што характэрна для каталіцкіх цэркваў XVI-XVIII стагоддзяў, таму яны звонку не акрэслены і ў’яўляюць сабой адзінае цэлае. Аб існаванні алтара нагадвае толькі рызніца, прыбудаваная з левага боку ў канцы будынка. Бабінец з шатровай званіцай, малітоўняй, алтаром і дыяканнікам у сваёй аснове нагадваюць падоўжаную крыжа-восевую кампазіцыю, характэрную для царкоўнага дойлідства паўднёвых рэгіёнаў Беларусі XVII-XVIII стст.
Увогуле ў архітэктурным плане, царква пабудавана ў стылі народнага дойлідства з рысамі рэтраспектыўнага рускага царкоўнага будаўніцтва, якое асабліва бачыцца ў прытворы-званіцы і купале над малітоўняй. Прытвор-званіца зроблена ў выглядзе чатырохграннай ве-жы, завершанай шатром, з макаўкай і 8-канечным крыжам. Дах шатра зроблены з дошак, пакрыты сайдзінгам. Бакавыя сцены званіцы прарэзаны дугападобнымі вокнамі. Званіца мае 2 званы — двухпудовы і 7-кілаграмовы (17,5 фунтаў).
Над дахам малітоўні ўзвышаецца масіўны кубападобны барабан, бакавыя сцены якога прарэзаны адкрытымі прамавугольнымі праёмамі. Ён завершаны 8-канечным барабанам з чатырма зашклёнымі вокнамі, цыбулепадобным купалам сярэдніх памераў і 8-канечным крыжам. Галоўныя сцены храма нерытмічна прарэзаны 7 прамавугольнымі вокнамі, на якіх устаноўлены рашоткі. Уваходаў у царкву тры: з прытвора, цераз дашчатыя сені, прыбудаваныя з левага боку да малітоўні (служаць для апальшчыка печы), і з боку дыяканніка для святара. Дзверы ў прытвор і галоўны неф металічныя. Плошча царквы без прытвора складае 69 квадратных метраў, прытвора — 12,25, дыяканніка — 6 “квадратаў”.
Ва ўсёй кампазіцыі храма дамінуе шатровая прытвор-званіца ў выглядзе двух‘яруснай вежы.
Людміла Уладзіміраўна Новікава ўзгадвае, як у “чырвоную суботу” 2008 года пасля заканчэння малебна каля прыдарожнага крыжа айцец Сергій (у міру — Іваноў) сказаў вернікам, што ў Ясені варта ўжо мець сваю царкву: “Многія падтрымалі ідэю, а па вуліцы якраз праязджаў старшыня калгаса Сашчэка. Звярнуліся — і Пётр Міхайлавіч станоўча аднёсся да прапановы, запрасіў айца Сергія і Людмілу Іванаўну Толкач (казначэй царкоўнай абшчыны) паехаць, каб разам паглядзець для гэтай мэты пустуючы калгасны дом. Усё адбылося спантанна, за лічаныя хвіліны. Напэўна, так патрэбна было Богу…”
Дарэчы, калі першы, даволі прыгожы і меладычны, звон вырабілі за кошт калгаса, то другі — карабельны — падарыў храму жыхар станцыі Ясень Анатоль Сцяпанавіч Матчанка. Яго сын служыў на Далёкім Усходзе, і калі вартавое судна спісалі на лом, намесніку капітана дазволілі ўзяць гэты звон на памяць. Пасля выхаду ў адстаўку Ігар Анатольевіч прывёз яго дадому, а калі ў 2008 годзе пайшоў з жыцця, то бацька перадаў асірацелы звон царкве.
…Падняўся на званіцу і, гледзячы на карабельны звон і прыгожую панараму вясковай прыроды, падалося, што стаю на палубе незвычайнага карабля, які плыве ў паветры паміж Небам і Зямлёй. (Дарэчы, галоўная частка царквы — малельня — і завецца наас альбо неф, што ў перакладзе адпаведна з грэчаскага і лацінскага і азначае карабель.) А крыж на купале сімвалізуе якар, які апускаецца не ўніз, на дно чалавечых спакусаў, а імкнецца да Бога, напамінае, што без Яго карабель грамадста ў акіяне людскога жыцця не вытрымае штармавых стыхій: срэбралюбства, абжорства і пралюбадзейства можа разбіцца аб рыфы эгаізму, зайздрасці і злосці.
Напэўна, сталыя людзі, зыходзячы з жыццёвага вопыту, больш востра адчуваюць такую пагрозу. Таму і ўзвялі Божы храм у роднай вёсцы.
Станіслаў ЛУКАШЭВІЧ, настаўнік Вяззеўскай СШ.