Прыняцце Дэкрэта супраць дармаедаў паставіла перад органамі мясцовага кіравання і самакіравання даволі нетрывіяльную задачу: калі малапаважаная асоба “Х” не жадае працаваць і паслядоўна прытрымліваецца асацыяльнага ладу жыцця — гэта адно, а вось як быць з “Z”, які і не супраць уладкавацца на пастаяннае месца работы, але не можа знайсці прымальных варыянтаў?
Узгаданая дылема найбольш выпукла праяўляецца ў сельскай мясцовасці, дзе колькасць работадаўцаў абмежаваная, а якасць працоўных рэсурсаў не ўражваючая. Зразумела, для кожнага сельсавета сітуацыя з працаўладкаваннем складваецца па-рознаму, аднак найбольш высокі патэнцыял у плане стварэння новых рабочых месцаў і спосабаў атрымання заробкаў мае Лапіцкі сельсавет.
Найбольш прэстыжнае месца працы тут — Асіповіцкае УМГ ААА “Газпрам Трансгаз—Беларусь”. Стабільна высокія заробкі дазваляюць прадпрыемству не мець клопату з прыцягненнем мясцовых працоўных рэсурсаў. Калгас “Лапічы”, у якім аплата працы на ўзроўні сярэднераённых паказчыкаў па сельскай гаспадарцы, у гэтым плане канкурыруе не толькі з заможнымі газавікамі. Прыкладна тыя ж грошы, што ў СВК на малакваліфікаваных пасадах, жыхары могуць зарабляць пры саматужнай эксплуатацыі мясцовых прыродных угоддзяў, якія славяцца багаццем і разнастайнасцю. З перавозкай папулярнай прадукцыі цяжкасцей няма: праз сельсавет праходзяць чыгунка Асіповічы—Градзянка і аўтамагістраль Мінск—Гомель, таму значная доля прадаваемых на гарадскіх рынках грыбоў, ягад, рыбы трапляе да спажыўца менавіта з Лапіччыны.
І вось тут узнікае заканамернае пытанне: як звычкі і прыярытэты эканамічна актыўнага насельніцтва ўплываюць на развіццё прадпрымальніцтва — самай дынамічнай часткі эканомікі рэгіёна?
Аграэкатурызм
На сёння тут дзейнічае тры міні-пансіянаты. Яшчэ дзве сядзібы знаходзяцца на этапе стварэння, прычым адну даводзіць да ладу былы лапіцкі беспрацоўны Аляксандр Цішчанка — адзін з тых вяскоўцаў, што не маглі знайсці для сябе афіцыйнае месца працы, якая б адпавядала схільнасцям. Гэта рукасты і галавасты сялянскі хлопец, толькі па натуры “фрылансер”: любіць займацца не нейкай адной, а рознымі справамі. Патрэба ў такіх універсалах на вёсцы заўсёды існуе, так што хоць Цішчанка фармальна і лічыўся “дармаедам”, аднак абібокам не быў і зарабляў столькі, колькі лічыў дастатковым.
Аляксандр прызнаецца, што рашэнне заняцца аграбізнесам прыняў менавіта каб не парушаць закон, аднак за новую справу ўзяўся грунтоўна і ўзважана. Падыходзячую сядзібу ён набыў за ўласныя грошы, а не за банкаўскі крэдыт, і зараз рупліва даводзіць яе да “таварнага” віду. Работы па добраўпарадкаванні пачаліся напрыканцы студзеня, таму прымаць гасцей у сёлетні сезон не разлічвае. Хаця пляцоўку для палатачнага лагера з неабходнымі элементамі сэрвісу ды паркоўку для машын падрыхтаваў — аматараў адпачынку выхаднога дня з элементамі турызму аграсядзіба Цішчанкі ўжо можа зацікавіць.
Вытворчасць і гандаль
На сёння яшчэ нельга казаць, што ў гэтых галінах мясцовай эканомікі жыццё віруе, аднак і на месцы яно яўна не топчацца.
Нядаўна ў Жорнаўцы адчынена прадуктовая крама мясцовым жыхаром Аляксандрам Матусевічам, вядзецца рамонт былой крамы і сталовай у Лапічах. Першую сённяшні ўласнік Дзмітрый Асмалоўскі збіраецца здаць у арэнду адной з буйных гандлёвых сетак, а ў другой мяркуе адкрыць кафэ.
Некалькі гадоў назад адбыўся рэзанансны канфлікт жыхароў вёскі Лапічы і фірмы “Набетэх”, якая мела намер займацца выпускам драўніннага вугалю. Вяскоўцы лічылі, што гэта будзе шкодзіць мясцовай экалогіі і здолелі адстаяць свой пункт гледжання, а пераможаны “Набетэх” пакінуў тут толькі звычайную лесапілку. Ды і ў іншых паселішчах сельсавета сёння працуюць выключна экалагічна-бясшкодныя прадпрыемствы. Пакуль іх няшмат — усяго ў прыватнай вытворчасці створана 13 рабочых месцаў. Што істотна — фірмы-вытворцы займаюць свабодныя пабудовы, якія інакш бы пераўтварыліся ў занядбаныя “гадзюшнікі”. Так, у Пагарэлым былыя калгаснае зернесховішча і школа пераабсталяваны ў дрэваапрацоўчыя цэхі, а будынак магазіна спажыўкааперацыі ў Вялікай Граве прыстасаваны пад лінію па выпуску сценавых блокаў з арбаліту — сумесі бетону з дробнымі трэскамі.
Па словах трох тутэйшых рабочых, гаспадар фірмы плаціць няблага — заробкі прывабней, чым у калгасе, а попыт на іх прадукцыю стабільны. Заснаваў жа бізнесмен вы-творчасць у Граве таму, што тут у яго дача, ды і мясцовых людзей ведае добра.
Ускосны патэнцыял развіцця
Паколькі большасць прыватных вытворчых прадпрыемстваў у сельсавеце створана не мясцовымі жыхарамі, можна зрабіць прагноз: чым прывабней для прыезджых будудь паселішчы, тым вышэй верагоднасць рэалізацыі ў іх новых інвестпраектаў. Прамой залежнасці, зразумела, няма, аднак фактар іміджу мясцовасці заўсёды ўлічваецца пры прыцягненні ўвагі інвестараў. Для Лапіцкага сельсавета, дзе пасля выезду ў Жодзіна выслабаняецца значная колькасць пабудоў у мясцовым ваенным гарадку, такая самарэклама вельмі патрэбна!
Лапіччыне пашанцавала: у сельсавеце ёсць энергічная каманда добраахвотнікаў-іміджмейкераў, якая дзейсна дапамагае выканкаму ў гэтай няпростай справе. Дэпутат сельскага Савета Галіна Ясючэня і стараста Вялікай Гравы Лілія Лабус сумеснымі намаганнямі вядуць сапраўдную “вайну” за навядзенне парадку ў гэтай і іншых вёсках. Маецца на ўвазе не толькі ачыстка паселішчаў ад смецця і паляпшэнне якасці сацыяльнай інфраструктуры — сельскія актывісткі бяруцца і за больш прынцыповыя пытанні.
Самае актуальнае з якіх — “ажыўленне” закінутых сядзіб. Праблема тут вось у чым. У вёскі прыязджае нямала людзей, якія шукаюць сабе дачу. Яны згодныя набываць нават участкі з-пад цалкам разбураных сядзіб, аднак па існуючым заканадаўстве ўчастак лічыцца нічыйным толькі тады, калі складзены акт гібелі дома. Стварэнне гэтага дакумента каштуе каля мільёна рублёў, прычым няма гарантыі, што падчас збору неабходных звестак не “ўсплыве” нечакана нехта, хто мае на закінутую нерухомасць законныя правы. Натуральна, на такіх няпэўных умовах патэнцыяльны пакупнік плаціць за акт гібелі дома не жадае, а ў бюджэце сельвыканкама на тое сродкі не прадугледжваюцца.
Са сваімі прапановамі аб выпраўленні фінансава-юрыдычнай “нестыкоўкі” жанчыны ўжо звярнуліся ў шэраг кіруючых інстанцый. Будзем спадзявацца, што на выпрацоўку адэкватнага рашэння не спатрэбіцца многа часу.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.