Iдэя сустрэцца з ім узнікла разам са з’яўленнем афіш аб канцэрце спевака: не кожны дзень у нашым горадзе бываюць выступленні землякоў у суправаджэнні аркестра. Ды і проста цікава было пагутарыць з гэтым вядомым нават у сталічных кругах юнаком. Канечне, спачатку было наведванне аб’яўленага мерапрыемства, а ўжо на наступны дзень — гутарка за кубкам гарбаты ў рэдакцыі. I ўражанні і пасля першага, і пасля другога засталіся толькі добрыя.
— Вось ужо 10 гадоў, як пасля заканчэння СШ № 3 пакінуў Асіповічы. Ці часта наведваешся дадому?
— Рэдкія выхадныя праходзяць, каб не прыехаў сюды. Хаця б на лічаныя гадзіны.
— Можна па гэтым факце “паваражыць”? Па—першае, у цябе добрыя ўзаемаадносіны з сям’ёю: хіба будзе ахвота адправіцца ў дарогу, калі не вельмі чакаеш сустрэчы з блізкімі людзьмі? Па—другое, пакуль няма свайго ачага: сямейны чалавек мае менш магчымасцей наведваць бацькоў. Па—трэцяе, наш горад для цябе многа значыць, раз з лёгкасцю расстаешся са сталіцай і ўсімі яе спакусамі, каб правесці выхадныя ціха, па-дамашняму…
— Усё так і ёсць. Нягледзячы на тое, што даўно ўжо змяніў месца прапіскі, вельмі люблю Асіповічы і яго жыхароў. Мусіць, таму і адчуваў вялікае хваляванне ў час апошняга канцэрта — як нідзе і ніколі раней. Гэта так адказна — спяваць для людзей, якія цябе вырасцілі, з якімі побач вучыўся ў школе, для тых, хто так шмат зрабіў для прафесійнага станаўлення… Удзячны зале за тую падтрымку і станоўчую энергетыку, якую адчуваў на працягу ўсяго мерапрыемства.
— Што галоўнае пры выбары рэпертуару?
— Каб песня не толькі добра гучала са сцэны, але была напоўнена глыбокім сэнсам, мела сваю асаблівую душу. Iнакш яна не мая.
— А больш даспадобы творы мінорныя ці мажорныя?
— Люблю светлую тугу, таму ўсё ж больш схіляюся да мінору. Аднак бадзёра-аптымістычных сачыненняў таксама не пазбягаю.
— А сам спрабаваў пісаць?
— Не без таго. Можа, і нядрэнна атрымліваецца, аднак не лічу гэта сваім прызваннем. Песні як песні, а хочацца чагосьці рознабакова ўражлівага. Так што быць спеваком атрымліваецца лепш, чым кампазітарам.
— Наколькі ведаю, не толькі выконваеш песні, але і дапамагаеш у справе ўдасканалення вакальных даных і другім?
— Нярэдка кансультую пачынаючых спевакоў і некаторых вядомых выканаўцаў, пра якіх гаварыць не магу.
— Паставіць голас — складаны працэс?
— Канечне, гэта не ўльтрагукавое даследаванне, пасродкам якога можна ўбачыць унутранае, выявіць хіб і вырашыць праблему. Трэба, каб выканаўца кожную ноту звязваў з пэўным станам свайго гукавога апарату, такім чынам авалодваючы ўласным голасам. Растлумачыць такое цяжка, бо ў кожнага пры гэтым свае адчуванні. I тут не скажаш, маўляў, рабі так, як я. Чалавек сам павінен адчуваць гук.
— Многія лічаць, што спявак — гэта шматлікія канцэрты, любоў публікі, раскоша…
— Перш за ўсё — гэта вялікія намаганні. Складаемыя б поспеху падзяліў так: 99% — карпатлівая праца, 1% — талент. I наконт ладу жыцця — усё таксама індывідуальна. Галоўнае, не ступіць на сцежку нездаровага саперніцтва, у каго больш “крутая” кватэра, машына і гэтак далей. Я не супраць таго, каб усё мець, але не варта гэтым пышыцца. Найвялікшы скарб — не золата і не каштоўнасці, нават не творы мастацтва. Яго нельга патрымаць у руках, ён захоўваецца ў нашых сэрцах. Мірскія рэчы з цягам часу знікнуць, як сезоны. Яны — часовыя… А вось скарбы сапраўднай дружбы і любові ніколі не страцяць свайго ззяння.
— Дазволь усё ж не пагадзіцца наконт аднаго працэнта…
— Мабыць, і сапраўды тут крыху ўтрырую. Удзячны лёсу, што нарадзіўся ў сям’і, дзе адчуванне музыкі перадаецца з генамі — добра спявае мая бабуля Тамара Сяргееўна Клюшнёва, якая жыве ў Забалацці. Ганаруся сваёй любімай сястрычкай Юліяй — сваім выкананнем ніколі не пакідае раўнадушнай залу. Iмпануе, што яна таксама і мая вучаніца, а разам мы вучымся ў вядомага саліста Венскай оперы. Без прыродных дадзеных, канечне, наўрад ці атрымалася б авалодаць мастацтвам вакалу.
— Згодны, што ў нашым горадзе шмат таленавітых дзяцей?
— Абсалютна. I нават мару наладзіць мясцовы фестываль у падтрымку музычных талентаў. Хочацца, каб Асіповічы асацыіраваліся ў беларусаў не толькі як сталіца артылерыі і буйны чыгуначны вузел, але і месца, дзе вырастаюць добрыя вакалісты.
— Дзякуй за змястоўную гутарку. I няхай усе задумкі стануць рэальнасцю!
Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.
Bel canto — італ. “цудоўнае спяванне” — тэхніка віртуозных спеваў.