На пасяджэнні райвыканкама 20 сакавіка першым на парадку дня было пытанне аб выніках работы раёна па энергазберажэнні ў 2014 годзе і задачах на 2015 год згодна з патрабаваннямі Дырэктывы № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сваім дакладзе начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Гапоненка паведаміла, што спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў у цэлым па Асіповіччыне склала 88.274 тоны ўмоўнага паліва — 90,3% да папярэдняга перыяду. Паказчык па энергазберажэнні мінус 3,5% пры заданні мінус 5,6. Невыкананне па гэтым пункце ў асноўным абумоўлена вынікамі работы СЗАТ “Шклозавод Ялізава”, удзельная вага якога ў прамых абагульненых энергазатратах раёна адпавядае 38,7%. А вось ашчадныя адносіны да энергарэсурсаў у ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”, АЗЖБК, аўтапарка 19.
Сярод значымых праектаў, якія забяспечылі найбольшы эканамічны эфект — удасканаленне пячэй САТ-0,25 на ААТ “АЗАА”, укараненне аўтаматызаванай сістэмы кантролю ўліку электра-энергіі па цэхах у ЗТАА “Дахавы завод Тэхна-НIКОЛЬ”, рэканструкцыя кацельні СШ № 2. Немалаважная і аптымізацыя схем цеплазабеспячэння з ліквідацыяй працяглых сетак.
На бягучы год пастаўлена задача дасягнуць паказчыка па энергазберажэнні мінус 5. У прамысловасці па-ранейшаму асаблівая ўвага будзе надзяляцца ўкараненню сучасных энерга- і рэсурса-зберагальных тэхналогій.
Аб арганізацыі работы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і до-гляду за помнікамі воінскай славы і воінскімі пахаваннямі расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Iрына Раманчук. У аддзеле сфарміравана база даных воінскіх пахаванняў і памятных знакаў. Працягваецца ўдакладненне інфармацыі аб загінуўшых і прапаўшых без вестак праз абагульнены электронны банк даных “Мемарыял”.
Зараз у раёне на ўліку 134 воінскія пахаванні. Пашпартызаваны і пастаўлены на баланс 54 помнікі воінскай славы, у тым ліку 24 мемарыяльныя дошкі. Сямі воінскім пахаванням прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. У раёне пастаянна праводзіцца мэтанакіраваная работа па пошуку няўлічаных пахаванняў, устанаўленні звестак аб загінуўшых воінах і мірных грамадзянах, прымаюцца актыўныя меры па ўвекавечанні іх імён.
У 23 установах адукацыі створаны гісторыка-краязнаўчыя куткі, функцыянуюць 10 музеяў партызанскай, баявой і працоўнай славы. Летась адкрыты дзве экспазіцыйныя залы па Вялікай Айчыннай вайне ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Значную работу праводзіць раённы цэнтр турызму і краязнаўства, арганізуючы пошукавыя экспедыцыі, паходы па месцах баявой славы. Сістэматычна ладзяцца ваенна-гістарычныя рэканструкцыі.
За 2012-2014 гады са сродкаў раённага бюджэту і грамадскіх аб’яднанняў на добраўпарадкаванне і рамонт помнікаў і воінскіх захаванняў накіравана больш за 820 мільёнаў рублёў. Работы праводзіліся і за ўласны кошт замацаваных арганізацый-шэфаў. Аднак праведзенае даследаванне паказала, што 13 пахаванням і помнікам патрабуецца капітальны рамонт, 17 — замена некаторых элементаў, столькім жа — устаноўка агароджы. Неабходны рэгулярны догляд і за дарогамі, якія вядуць да помнікаў і пахаванняў, размешчаных не ў населеных пунктах.
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Любоў Ёрш спынілася на выкананні ў мінулым годзе плана мерапрыемстваў па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Такі паказчык, як продаж абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва, у раёне склаў 9,7 літра, тады як у 2013 ён быў 10,3. Аднак гэта сумная лічба ў нас усё роўна большая, чым па вобласці. Фактычныя вынікі ад рэалізацыі праграмы за апошнія гады такія: знізілася колькасць асоб, якія пакутуюць на хра-нічны алкагалізм, з 979 у 2013 годзе да 964 у 2014; спіс непаўналетніх, ужываючых алкаголь, зменшыўся з 69 да 41 чалавека; на 25 працэнтаў стала менш правапарушэнняў, здзейсненых асобамі ў нецвярозым стане. Сёлета завяршаецца рэалізацыя праграмы і неабходна прыняць усе магчымыя меры па зніжэнні ўжывання алкаголю насельніцтвам і, у першую чаргу, моцных спіртных напояў.
Акрамя вышэйпералічаных, былі разгледжаны і многія іншыя пытанні — усяго больш за пяць дзясяткаў. Па кожным прыняты адпаведныя рашэнні.